Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛЕРЫ ШЧУКІН ВЫЙШАЎ З ТУРМЫ


Любоў Лунёва, Менск

Валер'я Шчукіна выпусьцілі а палове на дзявятую гадзіну раніцы. Журналісты, якія прыехалі яго сустракаць, лічаць, што кіраўніцтва жодзінскага СІЗА зрабіла гэтак знарок, каб перашкодзіць урачыстай сустрэчы. Учора адміністрацыя ізалятара паведамляла, што Шчукіна выпусьцяць з 9 да 12 гадзінаў.

92 дні Валеры Шчукін правёў у сьледчым ізалятары ў рэжыме строгай ізаляцыі. Гаворыць Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) "Жодзіна — самая страшная вязьніца ў Беларусі. Мне пра гэта казалі тыя, хто там пабываў. Я ў гэтым цяпер сам пераканаўся. У Менску на Валадарку прыяжджаюць усялякія начальнікі з праверкамі, а таксама прадстаўнікі АБСЭ, таму там умовы лепшыя.

Калі я трапіў у Жодзінскае СІЗА, адразу пачуў урачыстую заяву: "Вы прыбылі ў найлепшае СІЗА Беларусі". Мне давялося абарваць гэтую прамову і запатрабаваць, каб маё месца ўтрыманьня называлі арыштным домам.

Акрамя нас, арыштаваных, у ізалятары трымаюць асуджаных да пажыцьцёвага зьняволеньня. Зь імі там абыходзяцца надзвычай жорстка. Тыя захады, што супрацоўнікі СІЗА ўжывалі да іх, намагаліся ўжыць і да нас. Але я ім не даваў такой магчымасьці.

У мяне адразу пачаліся канфлікты з адміністрацыяй. Там правіла — кожны дзень з восьмай раніцы да восьмай вечара заходзіць ахоўнік і гучна кажа: "Здравствуйте!", і ўсе павінны гучна адказваць тым жа словам. А я адказаў: "Добры дзень". Ахоўнік паўтарыў, а я яму ў адказ тое ж.

Тады ён кінуўся на мяне з кулакамі. Я ўхіліўся, бо калі б адказаў тым жа, ён бы мяне моцна пабіў гумавай дубінкай, ды яшчэ й не адзін. Калі ён убачыў, што ў мяне няма страху ў вачах — адступіў і сьцішыўся. Больш за тое, да мяне пачалі зьвяртацца на Вы.

Яшчэ ганебнае правіла: калі адчыняюць дзьверы камэры, асуджаныя павінны стаяць тварам да сьцяны, потым кожны па чарзе паварочваецца і дакладвае. Вось я, напрыклад, павінен быў кожны раз казаць наступнае: "Шчукін Валеры Аляксеевіч, 1942 году нараджэньня, асуджаны паводле артыкулу 339 часткі 1-й на тры месяцы арышту з 12 чэрвеня па 12 верасьня". Гэта пляжыць чалавечую годнасьць".

Валеры Шчукін распавёў, што супрацоўнікі сьледчага ізалятара пазбаўлялі яго то зубной пасты, то мыла, то туалетнай паперы. Ён лічыць, што насамрэч сыстэма не выхоўвае чалавека, не выпраўляе яго, а, наадварот, робіць усё, каб зьнішчыць у ім пачуцьцё ўласнай годнасьці ды пазбавіць асобу індывідуальнасьці.

Валеры Шчукін распавёў пра працэдуру выбараў у СІЗА.

(Шчукін: ) "Мяне вывелі з камэры, і я прайшоў уздоўж ланцугу ўзброеных людзей да імправізаванай кабіны, якая толькі з аднаго боку зачынялася фіранкай. Каля скрыні стаяў вялічэзны ахоўнік. Ведаеце, гэта вельмі ўзьдзейнічае псыхалягічна.

Афіцыйных зьвестак галасаваньня ў СІЗА ў мяне няма, але зь неафіцыйных крыніцаў, папросту мэтадам апытаньня, я ведаю, што большасьць за Лукашэнку. Многія з тых, хто галасаваў за Лукашэнку, пісалі на бюлетэні: "Я галасую за Лукашэнку, бо спадзяюся, што ён за гэта мне зьменшыць тэрмін зьняволеньня".

У плянах Валер'я Шчукіна найперш зьвярнуцца ў паліклініку, бо ён кепска сябе адчувае. Пасьля гэтага Шчукін мае намер усур'ёз заняцца падрыхтоўкай праекту турэмнай рэформы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG