Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНАЯ РАДА ЗРОБІЦЦА АДЗІНЫМ ШТАБАМ ШЫРОКАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ КААЛІЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Штаб адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі фактычна спыніў сваю дзейнасьць. Пра гэта нашаму радыё паведаміў намесьнік кіраўніка штабу Ўладзімера Ганчарыка Аляксандар Дабравольскі.

Працуе невялікі сакратарыят, які аналізуе выбарчую кампанію і дакумэнты ў справе назіраньня. Паводле спадара Дабравольскага, улады сарвалі працэс незалежнага назіраньня і з дапамогай фальсыфікацыяў забясьпечылі перамогу Аляксандру Лукашэнку. Але былі дапушчаныя памылкі й прадстаўнікамі штабу Ўладзімера Ганчарыка. На думку Дабравольскага, адной з памылак штабу стала недастаткова эфэктыўнае назіраньне за галасаваньнем.

А сябар палітычнай рады пры штабе адзінага кандыдата, лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што кааліцыя пераацаніла ролю й магчымасьці намэнклятуры. Штаб адзінага кандыдата спыніць сваю дзейнасьць празь некалькі дзён, калі будуць падведзеныя вынікі кампаніі на шырокім паседжаньні, з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных штабоў Уладзімера Ганчарыка.

Аднак надалей будзе дзейнічаць палітычная рада, якая на думку яе сяброў, павінна стаць каардынацыйным цэнтрам шырокай грамадзянскай кааліцыі. На ўчорашнім паседжаньні палітычнай рады прынялі зварот да суайчыньнікаў. У звароце пазначаныя 7 крытэраў, паводле якіх гэтыя прэзыдэнцкія выбары ня могуць лічыцца вольнымі й справядлівымі — выбарчыя камісіі былі цалкам залежныя ад уладаў, апазыцыю фактычна не дапускалі да дзяржаўных СМІ, былі арганізаваныя рэпрэсіі супраць незалежных назіральнікаў і г.д.

Зварот палітычнай рады, паводле якога тое, што адбылося 9 верасьня, нельга лічыць выбарамі, а Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, грунтуецца на тых жа крытэрах, што й заключэньне назіральнікаў ад міжнародных арганізацыяў.

Палітычная рада патрабуе ад Цэнтральнай выбарчай камісіі прызнаць гэтыя выбары незаконнымі й прызначыць новыя, на аснове выкананьня крытэраў, што вызначыла АБСЭ. Разам з тым, аўтары звароту адзначаюць, што перамога не даецца лёгка. Таму сябры палітычнай рады ня толькі выказалі падзяку грамадзянам, што галасавалі за адзінага кандыдата, але й заклікалі іх далучацца да шырокай кааліцыі й працаваць на будучыню. Пра далейшы лёс палітычнай рады гаворыць яе сябра Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Яна будзе ператвораная ў кансультайцыйна-каардынацыйны асяродак кааліцыі, якая сфармавалася і рэальна існуе ў выніку барацьбы за перамогу над рэжымам Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што штаб адзінага кандыдата відавочна будзе спыняць сваё існаваньне, менавіта палітычная рада працягне сваю дзейнасьць".

Сёньня сябры рады абмеркавалі шырокае кола пытаньняў. Што павінна зрабіць грамадзянская кааліцыя дзеля міжнароднага непрызнаньня вынікаў выбараў, а таксама як праінфармаваць людзей пра масавыя фальсыфікацыі й якім чынам дзейнічаць радзе надалей. Палітычная рада таксама прыняла зварот-спачуваньне ўраду й народу Злучаных Штатаў у зьвязку з учорашняй тэрарыстычнай атакай на Амэрыку.

Заўтра а 18-й гадзіне ў Менску каля праваслаўнага Катэдральнага сабору пройдзе гадзіна смутку па ахвярах трагедыі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, арганізаваная Аб'яднанай грамадзянскай партыяй.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG