Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЦІ ЖЫВЕ ЗАХАРАНКА Ў МЮНСТЭР-ХАНДОРФ?"


Алена Панкратава, Менск

Паводле дасьведчаных крыніцаў, артыкул ня меў рэзанансу сярод мясцовых жыхароў, якія ўвогуле мала ведаюць пра беларускую сытуацыю. Аднак нямецкія палітыкі, а таксама лідэры нямецка-беларускіх ініцыятываў, якія азнаёміліся з публікацыяй, лічаць: матэрыял сьведчыць альбо пра адсутнасьць прафэсіяналізму ейнага аўтара, альбо пра тое, што тут мае месца правакацыя.

Я патэлефанавала ў Мюнстэр і гутарыла з шэф-рэдактарам газэты Muenstersche Zeitung Клаўсам Шпітцэрам. Дарэчы, менавіта гэтым імем падпісаны артыкул пра Захаранку.

(Карэспандэнт ка: ) "Спадар Шпітцэр, як гаворыцца ў вашым артыкуле, вольны журналіст Хафэркамп хацеў даведацца пра месцазнаходжаньне зьніклага беларускага экс-міністра менавіта перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Паведаміўшы, што Захаранка жывы, ён, як гаворыцца ў артыкуле, "хацеў падтрымаць беларускую апазыцыю". Ці азначае гэта, што рэдакцыя наўмысна вырашыла надрукаваць артыкул напярэдадні выбараў у Беларусі?"

(Шпітцэр: ) "Не, гэта атрымалася выпадкова. Мы не сьцьвярджалі, што Захаранка жывы — мы пісалі, што тут у Мюнстэры могуць быць сьведкі, якія яго бачылі. Гэта розныя рэчы".

(Карэспандэнтка: ) "Вы ў гэтым зьвязку сустракаліся з жонкай экс-міністра?"

(Шпітцэр: ) "Так. Яна ў cуботу была ў мяне".

(Карэспандэнтка: ) "Гэта было ўжо пасьля публікацыі. Яна згодная з артыкулам?"

(Шпітцэр: ) "Не. Бо яна лічыць, што яго ўжо няма жывога. Аднак я шчыра жадаю, каб Захаранка быў жывы, я ня ўпэўнены, што ёсьць сапраўдныя доказы таго, што ён мёртвы. Мы напісалі, што адзін швайцарскі — прабачце, нямецкі — журналіст Райнэр Хафэркамп захацеў расьсьледаваць гэтую тэму і знайшоў сьведкаў. Вось што мы пісалі".

(Карэспандэнтка: ) "Вы сьцьвярджаеце ў артыкуле, што гэты журналіст, які зьяўляецца саўладальнікам швайцарскага прэсавага бюро Delta Presse GmbH, яшчэ ў мінулым месяцы паказваў фатаграфію ўладальнікам мюнстэрскіх аўтазаправак, малых гатэляў, касіркам у крамах. Тыя, гледзячы на фота, сьведчылі, што бачылі гэтага чалавека.

Акрамя таго, гаворыцца ў артыкуле, калі хтосьці зь беларусаў, пазнаўшы Захаранку на аўтазапраўцы, гукнуў яго па імені й прозьвішчы, экс-міністар хутка адвярнуўся і ня менш хутка пайшоў прэч.

Маё пытаньне: я ўчора гутарыла з эўрапейскімі палітыкамі, якія зараз знаходзяцца ў Менску ў якасьці назіральнікаў. Яны адмыслова зьвязваліся зь нямецкімі кампэтэнтнымі структурамі і тыя паведамілі, што падобнай інфармацыі адносна Захаранкі яны ў сваіх кампутарах ня маюць".

(Шпітцэр: ) "Ведаеце, падставай для гэтай публікацыі былі артыкулы ў Інтэрнэт-выданьнях — беларускім і расейскім, на якія зьвярнуў увагу наш калега. Мы пра гэта й напісалі. Акрамя таго, мы спадзяваліся пагутарыць зь сям'ёй Захаранкі, яна абсалютна адкрыта жыве ў Мюнстэры — мы спрабавалі некалькі разоў зьвязацца зь ёй, званілі неаднойчы ў дзьверы дома, аднак нам ніхто не адчыняў.

Паверце, тут няма ніякага палітычнага фону. Спадарыня Захаранка выстаўляла мне прэтэнзіі, што публікацыя зробленая на карысьць Лукашэнкі. Але я думаю, што Лукашэнка атрымаў перамогу на выбарах, магчыма, і без дапамогі майго артыкулу, без дапамогі гэтых нататак. Гэта мая асабістая думка".

(Карэспандэнтка: ) "Усё ж — ці гэта ваш артыкул? Альбо вы яго пісалі сумесна са спадаром Райнэрам Хафэркампам?"

(Шпітцэр: ) "Не, гэта пісаў толькі Хафэркамп".

(Карэспандэнтка: ) "Аднак пад артыкулам толькі адзін подпіс — Клаўс Шпітцэр".

(Шпітцэр: ) "Так, гэта я".

Зразумела, мы імкнуліся пагутарыць і са спадаром Райнэрам Хафэркампам — ці то швайцарскім, ці то нямецкім журналістам. Я ня раз тэлефанавала яму ўчора і сёньня. Аднак па абодвух нумарах адказваў аўтаадказчык.

Тым ня менш, мы пакінулі свае рэдакцыйныя нумары і спадзяемся, што Райнэр Хафэркамп патэлефануе нам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG