Учора апоўначы, калі яшчэ лічылі галасы выбарцаў, асабіста мне давялося чуць размовы чальцоў камісіі пра тое, што вэртыкаль спаборнічае між сабой за больш высокія паказчыкі падтрымкі цяперашняга кіраўніка дзяржавы.
Падводзілі ў гэты час вынікі выбараў і прадстаўнікі незалежнага назіраньня. Але рабіць гэта было складана, паколькі адразу пасьля заканчэньня галасаваньня адключылі тэлефонную сувязь у аб'яднаньні "Грамадзянскія ініцыятывы" і моладзевым цэнтры "Гарт". Не было сувязі і ў мазырскіх актывістаў.
Як паведаміў рэагіянальны каардынатар назіральнікаў АБСЭ Багдан Пагрэбеньнік, нават у ягоным офісе тэлефоны не працавалі зь вечара да сёньняшняга ранку. На ўчастках хавалі інфармацыю ад назіральнікаў. Не давалі зьвестак пра колькасьць выбарцаў і тых, хто ўжо прагаласаваў. Не паказвалі сьпісаў, што супярэчыць нават пастанове Цэнтарвыбаркаму.
Апэратыўна ўдалося падвесьці толькі вынікі галасаваньня ў абласным цэнтры. Тут назіральнікі прывезьлі з участкаў пратаколы, якія старшыні камісіяў падпісаць адмовіліся. Вось што распавёў нашаму радыё каардынатар незалежнага назіраньня Ўладзімер Кацора:
(Кацора: ) "Удвая ўлады занізілі лічбу яўкі выбарцаў на ўчасткі падчас датэрміновага галасаваньня. Гэта было зроблена, каб потым аддаць гэтыя галасы аднаму з кандыдатаў. Вядома, якому".
Наогул, там дзе назіральнікаў ня выдалілі з участкаў, удалося атрымаць даволі паказальныя лічбы. Расказвае кіраўнік "Грамадзянскіх ініцыятываў" з Буда-Кашалёва Ігар Кекелеў:
(Кекелеў: ) "Паводле вынікаў назіраньня на 9-м Радзееўскім участку Буда-Кашалёўскага раёну агульная колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі, склала 430 чалавек — гэта афіцыйныя зьвесткі. Назіральнікі прысутнічалі тут зь першага дня і да закрыцьця ўчастку ўчора. Яны зафіксавалі 133 чалавекі, што прагаласавалі. Амаль 300 выбарцаў прыпісалі — яны фактычна на ўчастак не прыходзілі".