Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ЗАЯВІЛІ, ШТО НА ВЫБАРЫ ПРЫЙШЛО НА 130 ТЫСЯЧ ЧАЛАВЕК МЕНШ, ЧЫМ ГЭТА ЗАФІКСАВАНА АФІЦЫЙНА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

У пацьверджаньне сваёй думкі Аванэс Мурадзян, Аляксей Колчун і Сяргей Абадоўскі прывялі некалькі істотных фактаў, што сьведчылі пра парушэньне выбарчага заканадаўства.

Паводле зьвестак незалежных назіральнікаў, на выбарчыя ўчасткі прыйшло на 130 тысяч менш выбарцаў, чым зафіксавана ў афіцыйных выбарчых камісіях. Каардынатары адзначылі, што чальцы камісіяў прымушалі людзей ісьці на датэрміновае галасаваньне, а ягонымі вынікамі распараджаліся, як хацелі.

Як паведаміла назіральніца Горацкага раёну Натальля Багашова, пасьля абыходу кватэраў у дзень датэрміновага галасаваньня чальцы камісіі ня сталі дзяліць бюлетэні на тры стосы, а адразу скінулі іх у бок бюлетэняў за Аляксандра Лукашэнку.

Больш як 10 назіральнікаў раніцай 9 верасьня заўважылі на скрынях пашкоджаныя плёмбы і пячаткі. Назіральнікі канстатавалі й факты галасаваньня чальцоў камісіі за выбарцаў.

Так, магілёвец Іван Жыванюк у другой палове дня прыйшоў да месца галасаваньня, дзе пабачыў, што насупраць ягонага прозьвішча ўжо стаіць подпіс. Не дапамог і ягоны зварот да пракурора.

Каардынатары адзначылі іншыя факты злоўжываньняў, якія ў пратаколах зафіксавалі назіральнікі. Але ж з 1300 магілёўскіх падрыхтаваных назіральнікаў значная частка не змагла пракантраляваць ход выбараў, альбо патрапіла ў лік падсудных.

Пасьля тлумачэньня спадарыні Ярмошынай на выбарчыя ўчасткі без пасьведчаньняў дапусьцілі больш як 100 чальцоў праваабарончага цэнтру "Вясна". Толькі асобныя зь іх атрымалі пасьведчаньні пазаштатных супрацоўнікаў газэты "Тыднёвік Магілёўскі" і змаглі выканаць сваю місію. У Шклове іх не пусьцілі на ўчасткі нават з журналісцкімі пасьведчаньнямі.

Пасьля скаргаў каардынатара за выбарамі па Шклоўскаму раёну Пятруся Мігурскага на дзеяньні камісіяў супраць яго распачалі крымінальную справу па абвінавачаньню ў перашкодах і фальсыфікацыі галасаваньня.

Без кантролю за выбарамі засталіся амаль усе выбарчыя участкі Шклоўскага, Бялыніцкага і Клімавіцкага раёнаў. Напалоханыя фактамі ўціску сваіх кіраўнікоў, людзі перасталі сачыць за ходам галасаваньня.

У гэтую ж ноч ад міліцыянтаў пацярпеў і абласны штаб Уладзімера Ганчарыка. Сёньня раніцай, калі не было аховы, яны адчынілі памяшканьне і вынесьлі адтуль усе паперы, кампутар і іншую аргтэхніку. Юрыст штабу Андрэй Куракоў назваў дзеяньні міліцыі звычайным рабаўніцтвам і сёньня вёў зь ейнымі прадстаўнікамі перамовы з мэтай вярнуць скрадзеныя рэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG