Сёньня а 1-й гадзіне начы закончыўся ператрус у гарадзкой сядзібе БНФ "Адраджэньне". Яго праводзілі 6 афіцэраў КГБ, якія мелі ордэр з пракуратуры і заявілі, што завялі крымінальную справу адносна зьяўленьня ўлётак, падпісаных Беларускім вызвольным войскам.
Цэлы дзень навокал сядзібы Фронту дзяжурыць вялікая колькасьць міліцэйскіх патрулёў. Старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык апоўдні пайшоў па выкліку ў КГБ і не вяртаўся некалькі гадзін. Каля 16-й гадзіны ён знаходзіўся яшчэ там. А 12-й гадзіне два афіцэры КГБ зьявіліся ў абласным штабе "Незалежнага назіраньня" і забралі Сьвятлану Нех, якая там працавала. Гэтым "Незалежнае назіраньне" было пазбаўленае кіраўніцтва, бо Сяргей Мальчык зьяўляецца абласным каардынатарам.
А 15-й гадзіне ў КГБ знаходзіліся таксама галоўны рэдактар газэты "Пагоня" Мікола Маркевіч і журналіст Павал Мажэйка. Іх часова затрымалі без тлумачэньня прычынаў.
Сёньня большасьць незалежных назіральнікаў апынуліся на вуліцы. Старшыня абласной выбарчай камісіі Міхаіл Енка патлумачыў, што на сваім паседжаньні яны пазбавілі права на назіраньне прадстаўнікоў ад "Вясны" і Фонду імя Сапегі.
Па ягоных словах, нехта даставіў уладам чыстыя блянкі зь пячаткамі гэтых арганізацыяў. Блянкі былі прызначаныя для таго, каб упісваць прозьвішчы назіральнікаў. Паўсюдна ёсьць свае людзі, зазначыў М.Енка. Справу перадалі ў пракуратуру. Праўда, як сказаў старшыня камісіі, нехта з гэтых назіральнікаў упрасіў, каб іх сёньня не выганялі — ну, дык хай застаюцца і сядзяць, — сказаў ён.
Учора ўвечары ў Смаргоні назіральнікі зафіксавалі вынас з участку выбарчай скрыні. Пачаўся скандал. Аднак спадар Енка сказаў, што праверка паказала, што там нібыта ўсё было законна. Праўда, падрабязнасьцяў не падаў.
У вобласьці ў папярэднім галасаваньні ўдзельнічалі амаль 15% выбарцаў. А 14-й гадзіне сёньня ўжо ўкінулі свае бюлетэні ў скрынкі 522000 выбарцаў — гэта тры пятых ад агульнай іх колькасьці.