Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16:50 МЕЧЫСЛАЎ ГРЫБ: "УЛАДЫ ХОЧУЦЬ ПРАВЕСЬЦІ "ВОЛЬНЫЯ" Й "ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ" ВЫБАРЫ, АЛЕ БЕЗЬ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ"


Альгерд Невяроўскі, Менск

Напачатку сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі каардынатар "Незалежнага назіраньня", старшыня Цэнтральнай каардынацыйнай рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслаў Грыб зазначыў: "Улады хочуць правесьці "вольныя" й "дэмакратычныя" выбары, але без прысутнасьці незалежных назіральнікаў".

Паводле Мечыслава Грыба, для такіх заяваў у яго ёсьць усе падставы, бо мала таго, што 2000 прадстаўнікоў цэнтру "Вясна" пазбавілі магчымасьці назіраць за выбарамі, але й амаль па ўсёй краіне камісіі адмаўляюцца даваць назіральнікам лічбы тых, хто прагаласаваў датэрмінова.

Прадстаўнікам "Незалежнага назіраньня" ўдалося сабраць зьвесткі толькі з 50% выбарчых участкаў. Паводле старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, датэрмінова прагаласавалі каля 15% беларускіх выбарцаў. Мечыслаў Грыб і каардынатар сыстэмы паралельнага падліку галасоў Міраслаў Кобаса гавораць, што паводле падліку іхных назіральнікаў, гэтая лічба складае ад 17 да 20%. Гаворыць Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) "Мы прыйшлі да выніку, што датэрмінова прагаласавала 20%, можа крыху больш. Гэта значна больш, чым дае Цэнтральная выбарчая камісія. Але сёньня мы маем такія неафіцыйныя зьвесткі аб тым, што і гэтыя 14%, якія дае Цэнтральная выбарчая камісія, і гэтыя 20%, якія мы падлічылі, — гэта далёка несапраўдныя лічбы аб датэрміновым галасаваньні.

Нам кажуць, што яны могуць быць большыя нават ў два-тры разы. Яны будуць адпавядаць усім загадам улады, якія былі даведзеныя раённым участковым камісіям уладамі".

На думку Мечыслава Грыба, дэманстраваць вялікую колькасьць удзельнікаў датэрміновага галасаваньня ўладам нявыгадна. Міраслаў Кобаса сказаў, што, нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў, ягоныя калегі правядуць паралельны падлік галасоў і сёньня ноччу агучаць ягоныя вынікі.

Спадар Кобаса таксама лічыць, што назваць папярэднія вынікі галасаваньня ў 23.15, як гэта паабяцала Лідзія Ярмошына, увогуле немагчыма — хіба што гэтыя вынікі старшыня ЦВК падрыхтавала загадзя.

Юрыст "Незалежнага назіраньня" Валянцін Стэфановіч распавёў пра рэпрэсіі ўладаў супраць назіральнікаў. У Бялынічах на 15 сутак арыштавалі незалежнага назіральніка спадара Мяцеліцу.

У менскім прыёмніку ад учорашняга дня знаходзіцца каардынатар "Незалежнага назіраньня" Аляксей Галіч, у панядзелак яго даставяць у суд.

У Смаргоні з участку, што месьціцца ў адной зь мясцовых школаў, зьнікла скрыня для датэрміновага галасаваньня. Назіральнікі выклікалі пракурора й намесьніка начальніка райаддзелу міліцыі. Тыя адчынілі памяшканьне, але скрыні на месцы не было.

У Рэчыцы назіральнікі знайшлі запоўнены сябрамі ўчастковай выбарчай камісіі №4 пратакол выніковага галасаваньня. Паводле пратаколу, за Лукашэнку падалі 750 галасоў, за Ганчарыка — 250, за Гайдукевіча — 125. Убачыўшы, што назіральнікі выкрылі фальсыфікацыю, сябры камісіі фальшывы пратакол зьнішчылі. Назіральнікі накіравалі адпаведную скаргу ў пракуратуру.

А на ўчастку №23 у Менску назіральнікі сёньня затрымалі двух невядомых, якія кінулі ў скрыню каля 20 фальшывых бюлетэняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG