Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК МАЕ НАМЕР 9 ВЕРАСЬНЯ А 20.05 ПРЫЙСЬЦІ НА КАСТРЫЧНІЦКУЮ ПЛОШЧУ Ў МЕНСКУ ДА СВАІХ ВЫБАРШЧЫКАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Падчас сустрэчы адзіны кандыдат ад апазыцыі заявіў, што ён мае намер пасьля заканчэньня галасаваньня 9 верасьня прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі.

Сустрэча прайшла каля стадыёну "Трактар".

(Ганчарык: ) “Мы – народ Беларусі, і гэтая краіна для беларускага народу, ніякіх дыктатараў нам ня трэба”.

Акцыя была падрыхтаваная паводле эўрапейскіх выбарчых тэхналёгіяў – галасаваць за адзінага кандыдата ад апазыцыі заклікалі ня толькі палітыкі, але й сьпевакі, у прыватнасьці, народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў, які выконваў свае новыя песьні, ды яшчэ некалькі рок-гуртоў. Нягледзячы на восеньскі дождж, які йшоў у Менску, на акцыю сабралася каля паўтысячы выбаршчыкаў, пераважна моладзь. Яны мелі шмат пытаньняў да Ўладзімера Ганчарыка

(Пытаньне: ) “Ці паднімецца цана гарэлкі?”

(Ганчарык: ) “Ці трэба яе падымаць?”

(Натоўп: ) “Не!!”

(Ганчарык: ) “Адказ зразумелы...”

(Пытаньне: ) “Ці будзем жыць лепей?”

(Ганчарык: ) “Калі дзявятага зробім правільны выбар, адназначна жыць будзем лепей”.

(Пытаньне: ) “А якія вашы адносіны да жанчын?”

(Ганчарык: ) “Я іх люблю, шаную, падтрымліваю і вельмі ганаруся сваёй сям'ёй”.

Ягоная апошняя перад выбарамі акцыя стала нагодай, каб падвесьці папярэднія вынікі агітацыйнай кампаніі, якой у цэлым ён задаволены. Галоўнае ж, што гэтая кампанія разьняволіла грамадзтва, паказала рэальную альтэрнатыву. Уладзімер Ганчарык заявіў, што пры ўмове належнага кантролю за падлікам бюлетеняў ён разьлічвае ня менш чым на 40 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў і на выхад у другі тур выбараў.
Аднак у ягоным штабе вельмі шмат зьвестак пра магчымыя фальсыфікацыі ды маштабныя правакацыі, ў прыватнасьці ў ноч на 9-га верасьня:

(Ганчарык: ) “Фальсыфікацыя пачалася, мы ўжо маем факты калі проста за руку лавілі. Ёсьць участак нумакр 26 у Савецкім раёне, калі была зламаная пячатка на скрынцы і заменена каля 700 бюлетэняў. І сёньня ноччу, паводле апэратыўных крыніцаў, рыхтуецца масавае ўкідваньне бюлетэняў у такія скрыні. Нашая задача прадухіліць такія злачынствы”.

Паводле інфармацыі, якую атрымалі ў штабе Ганчарыка, бюлетэні для падмены падрыхтаваныя ўжо ў адным зь менскіх ВНУ. Уладзімер Ганчарык заклікаў сваіх прыхільнікаў прыйсьці на сустрэчу зь ім на Кастрычніцкую плошчу ў Менску пасьля заканчэньня галасаваньня.

(Ганчарык: ) “Мы сустрэнемся на Кастрычніцкай плошчы і будзем абмяркоўваць, як прайшло галасаваньне, якія былі парушэньні. Будуць таксама выступленіні дзеячаў культуры і мастацва”.

На думку спадара Ганчарыка, не патрэбныя ніякія дазволы на тое, каб сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG