Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ ПРАХАДНОЙ МТЗ НЕВЯДОМЫЯ ЗЬБІЛІ ПІКЕТОЎЦАЎ У ПАДТРЫМКУ ГАНЧАРЫКА


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Менскуля прахадной трактарнага заводу агітавалі адразу за двух кандыдатаў — Аляксандра Лукашэнку і Ўладзімера Ганчарыка. А палове першай на прыхільнікаў Ганчарыка кінуліся невядомыя. Распавядае адзін зь пікетоўцаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу МТЗ Вячаслаў Козел:

(Козел: ) "З двароў выйшла група чалавек 15 у цывільным адзеньні. Маладыя, дзесьці ад 25 да 30 гадоў, спартыўнага выгляду, у чорных куртках і пры гальштуках. Камандаваў імі чалавек, якога я добра запомніў. Без папярэджаньня яны схапілі нашы стэнды, на мяне наваліліся пяць чалавек, пачалі круціць рукі.

Што дзіўна, за некалькі хвілін да нападу каля нас было шмат міліцыянтаў у форме, аднак яны нас не чапалі. А потым раптам яны зьніклі — несумненна, паводле загаду. На мой погляд, гэта былі адмыслова падрыхтаваныя асобы. Адны ламалі стэнды, другія круцілі нам рукі, трэція прыкрывалі адыход".

Жорстка абышліся невядомыя і зь яшчэ адной удзельніцай пікету — Ірынай Важнік:

(Важнік: ) "Газэты з рук выкруцілі разам з пальцам. Яны наляцелі на мяне як зьвяры. Са мной побач былі дзеці, і яны пачалі круціць мне, жанчыне, рукі. Гэта была адмысловая каманда, нават не пераапранутыя міліцыянты. Стаяў джып вялізны, і белая "Волга" зь цёмным шклом і антэнай. Яны адтуль выскоквалі".

Апроч згаданых вышэй асобаў, ад невядомай групы пацярпелі й трое непаўнагадовых — Сяргей Мастоўскі, Анатоль Іванчанка і Віка Трасьцянка. Міліцыянты, да якіх зьвярнуліся пікетоўцы па дапамогу, паабяцалі высьветліць, хто тыя невядомыя.

Я сам сёньня бачыў яшчэ адзін падобны выпадак на станцыі мэтро "Інстытут культуры". Там міліцыянты ў форме кінуліся на двух непаўнагадовых:
(Галасы: ) "За што? Што я такога зрабіў?" — "Не штурхайце!" — "Гэта жах!" — "Нельга гэтак зь людзьмі абыходзіцца!"

Міліцыянт, які назваўся Пятром Рабушкам, паведаміў выпадковым сьведкам, што затрымаў парушальнікаў. Яны нібыта распаўсюджвалі ў мэтро налепкі з заклікамі прыйсьці заўтра ў цэнтар Менску.

Затрыманыя назваліся Андрэем Асіповічам і Паўлам Котавым — яны навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю. Паводле іхных тлумачэньняў, іх затрымалі беспадстаўна. Гэтак лічыць і сьведка затрыманьня Ларыса Апанасаўна:

(Ларыса Апанасаўна: ) "Там няма ніякай прапаганды на гэтым лістку. Там няма, што галасуй за Ганчарыка, альбо за Пятрова ці Сідарава. Там проста: "Рабі выбар!", дык гэта правільна — трэба рабіць выбар. Ім жыць, і таму ім варта рабіць выбар".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG