Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЛІЗАБЭТ ШРОДТЭР: ЛЁС БЕЛАРУСІ – У РУКАХ НАСЕЛЬНІЦТВА


Алена Панкратава, Менск

Паводле Элізабэт Шродтэр, сёлета ўпершыню пасьля канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе яна і ейныя калегі маюць мандат афіцыйных назіральнікаў. Эўрапарлямэнтары прыяжджаюць у Менск на запрашэньне Нацыянальнага сходу Беларусі. Як лічыць мая брусэльская суразмоўца, "ейныя калегі нічога не маглі б зрабіць бяз гэтага мандату ў Беларусі".

Пытаньне да спадарыні Шродтэр: тое, што вы прыяжджаеце на запрашэньне беларускіх уладаў, не дачакаўшыся прыняцьця легітымнай канстытуцыі, — гэта кампраміс з вашага боку?

(Шродтэр: ) "Не, гэта была частка нашай прапановы Менску. Калі мы бачым, што ў той ці іншай краіне робяцца нейкія, хоць маленькія, але крокі да дэмакратыі, мы дапамагаем краіне выйсьці на гэты шлях. Гэта нашая мэта".

(Карэспандэнтка: ) "Вы па-ранейшаму выстаўляеце Беларусі 4 крытэры?"

(Шродтэр: ) "Так. Гэта спраўджаныя крытэры, паводле якіх мы можам зрабіць высновы, ці варта прызнаваць выбары. Узгадаю іх: па-першае, выбары павінны быць празрыстыя. Па-другое, дзяржаўная прэса павінна быць адкрытая для незалежных кандыдатаў. Па-трэцяе, Нацыянальны сход не павінен быць кішэнным сходам прэзыдэнта, і, нарэшце, улады не павінны дыскрымінаваць апазыцыю.

Тое, што мы ў гэтым зьвязку бачым у нашых мэдыях, — гэта жудасныя навіны. Дарэчы, у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі мы выстаўляем Беларусі мінімальныя крытэры".

(Карэспандэнтка: ) "Ваша дэлегацыя будзе працаваць у Менску вельмі кароткі час. Ці хопіць яго, каб зрабіць правільныя высновы? Альбо вы будзеце кансультавацца зь іншымі назіральнікамі?"

(Шродтэр: ) "Зразумела, у выніку трохдзённага назіраньня цяжка рабіць нейкія ацэнкі. Гэта мы ведаем. Канечне ж, мы будзем кансультавацца з прадстаўнікамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Гэта вельмі дасьведчаная экспэртная група. Калі была затрымка з запрашэньнямі для гэтых назіральнікаў, мы выставілі Менску наступныя ўмовы: у тым выпадку, калі экспэртам АБСЭ тэрмінова ня выдадуць беларускіх візаў, мы таксама не прыедзем назіраць за выбарамі".

(Карэспандэнтка: ) "Калі могуць быць агучаныя вынікі вашых назіраньняў?"

(Шродтэр: ) "Зразумела, гэтая праца зойме не адзін дзень. Пра свае самыя першыя ўражаньні мы паведамім ужо ў панядзелак у часе прэсавай канфэрэнцыі. Што да палітычнай ацэнкі выбараў, то для гэтага патрабуецца значна больш часу. Мы ня хочам выглядаць неаб'ектыўнымі і рабіць эмацыйныя высновы".

(Карэспандэнтка: ) "Ці вялікія магчымасьці маеце ў Беларусі, каб вашу працу можна было назваць аб'ектыўнай?"

(Шродтэр: ) "Я думаю, што такія магчымасьці ў нас ёсьць. Мы ня першы год наведваем Беларусь. Нашыя веды плюс кансультацыі з эўрапейскімі экспэртамі дазваляюць меркаваць, што падставы для дэмакратычнага прагрэсу ў Беларусі ёсьць. Ва ўсякім разе, я на гэта спадзяюся.

Лічу, што лёс краіны — у руках насельніцтва. Вашы людзі самі ў стане вырашаць, ці можа іхная краіна эканамічна разьвівацца праз супрацоўніцтва з Эўропай, альбо Беларусі лепш застацца ў ізаляцыі".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG