Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ЗЬВЯРНУЎСЯ ДА СЯБРОЎ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

"Я заклікаю вас адкрыта правесьці падлік галасоў і ў адпаведнасьці з нормамі Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь выдаць назіральнікам засьведчаную копію пратаколу. Не падпісвайце ні ў якім выпадку чыстага блянка пратаколу ці пратакол, запоўнены алоўкам!" — піша Ганчарык у сваім звароце.

"Я гатовы падпарадкавацца выбару народу — якім бы той ні быў. Але толькі выбару НАРОДУ. У ВАШЫХ сілах абараніць волю выбарцаў ад дэспатызму!" — заяўляе Ўладзімер Ганчарык.

Тым часам у штабе Ганчарыка паведамілі пра чарговую правакацыю ўладаў супраць адзінага кандыдата. Паводле інфармацыі беларускай мытні, у пункце пропуску Доцішкі ў Воранаўскім раёне падчас спробы кантрабанднага ўвозу зь Літвы ў Беларусь 5 тысяч агітацыйных плякатаў з партрэтамі Ўладзімера Ганчарыка затрымалі літоўскага грамадзяніна.

Падобны выпадак адбыўся і ў пункце пропуску Беняконі Лідзкага раёну, дзе затрымалі грамадзяніна Расеі, які спрабаваў увезьці ў Беларусь 7 тысяч плякатаў, як кажуць памежнікі, аднаго з кандыдатаў.

У штабе адзінага кандыдата называюць гэтыя знаходкі памежнікаў і мытнікаў правакацыяй і адмаўляюць датычнасьць каманды адзінага кандыдата да гэтай кантрабанды. Гаворыць давераная асоба адзінага кандыдата Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Мы дакладна ведаем, што гэта ня нашае. Мы нават не бачылі, што там затрымалі. Рэч у тым, што яны хацелі зрабіць правакацыю, каб мы неяк апраўдваліся. Але нам няма за што апраўдвацца. Няма там у іх нічога, і не магло быць. Ніхто там не замаўляў нічога, ніхто для нас нічога ня вез".

Сёньня кіраўніца штабу адзінага кандыдата Валянціна Палявікова накіравала ў Цэнтарвыбаркам заяву з патрабаваньнем разгледзець пытаньне пра адмену рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі за парушэньне дзейнага заканадаўства.
Як адзначана ў заяве, да кампаніі бесьперапыннай агітацыі за Лукашэнку падключылася й мясцовая вэртыкаль, пад кіраўніцтвам якой выдалі сотні тысяч асобнікаў брашуры "Лукашэнка — наш прэзыдэнт". Пры гэтым такая літаратура выдаецца без выходных зьвестак, што парушае Выбарчае заканадаўства. Дагэтуль Цэнтарвыбаркам не знаходзіў ніякіх парушэньняў у кампаніі кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

Сёньня Ўладзімер Ганчарык знаходзіўся ў Воршы і Віцебску.

Тым часам у Берасьці распаўсюджваюць улёткі супраць Уладзімера Ганчарыка. Як паведамілі ў абласным штабе адзінага кандыдата, зварот у міліцыю з просьбай прадухіліць распаўсюд зьняважлівых матэрыялаў ня даў ніякіх вынікаў, хаця праваахоўчым органам далі зьвесткі, якія дапамаглі б знайсьці распаўсюднікаў гэтых улётак.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG