Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FREEDOM HOUSE: ЛУКАШЭНКА СТВАРЫЎ АЎТАРЫТАРНУЮ ДЗЯРЖАВУ САВЕЦКАГА ТЫПУ


Кастусь Бандарук, Прага

Сытуацыя ў кожнай паасобнай галіне, ад найлепшай да найгоршай, ацэньваецца паводле шкалы ад 1 да 7 балаў. Справаздача ахолівае пэрыяд зь 1 ліпеня 1999 году да 31 кастрычніка 2000 году.

Ва ўступе да справаздачы Беларусь названая краінай прэзыдэнцкай дыктатуры і кансалідаванай аўтакратыі. Аляксандар Лукашэнка паступова ўмацаваў сваю ўладу, вярнуў цэнзуру, забараніў незалежныя прафсаюзы, пашырыў кантроль над выканаўчай, заканадаўчай і судовай ўладамі. Паводле Freedom House, у 1999-2000 гадох палітычная сытуацыя ў Беларусі пагоршылася, што шэраг разоў адзначалі замежныя ўрады і міжнародныя арганізацыі. Падчас кіраваньня Лукашэнкі спынілася лібэралізацыя эканомікі. Дзяржаўныя чыноўнікі адмоўна ставяцца да прыватызацыі.

У разьдзеле, прысьвечаным дэмакратызацыі, Freedom House нагадвае, што ў лістападзе 1996 году Аляксандар Лукашэнка правёў спрэчны рэфэрэндум. Гэта дазволіла яму зьмяніць Канстытуцыю 1994 году, працягнуць на 2 гады тэрмін свайго прэзыдэнцтва, значна пашырыць паўнамоцтвы прэзыдэнта і стварыць паслухмяны дзьвюхпалатны парлямэнт, якога не прызналі заходнія дзяржавы. У часе парлямэнцкіх выбараў ў кастрычніку летась, АБСЭ, Рада Эўропы і Эўразьвяз канстатавалі неадпаведнасьць новага Выбарчага Кодэксу міжнародным дэмакратычным стандартам і адмовіліся прыслаць афіцыйных назіральнікаў. У палове 1999 году Міністэрства юстыцыі пагражала забаронай 13 партыям і недзяржаўным арганізацыям за арганізацыю альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Адзін з кандыдатаў на выбарах, былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, правёў ў зьняволеньні 8 месяцаў па абвінавачаньні ў злоўжываньні ўладай. Міліцыя праводзіла аблавы ў штаб-кватэрах палітычных партыяў, канфіскоўвала іхныя пэрыядычныя выданьні, арыштоўвала партыйных лідэраў, – піша Freedom House.

У частцы справаздачы, прысьвечанай незалежным мэдыям, гаворыцца, што ў Беларусі ўсяго 10 незалежных газэтаў, адно інфармацыйнае агенцтва, а таксама пэўная колькасьць мясцовых газэтаў, якія маюць незалежную ад ураду палітычную пазыцыю. Прыняты гэтак званай “палатай прадстаўнікоў” закон “Аб зьменах і дапаўненьнях ў закон аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” увёў адказнасьць за паклёп на прэзыдэнта і ўрадавых чыноўнікаў. Улады скарысталі закон, каб забараніць шэраг незалежных выданьняў такіх як “Свабода”, “Пагоня” і “Белорусская деловая газета”. Каб дамагчыся спыненьня дзейнасьці незалежных выданьняў, улады скарыстоўваюць высокія падаткі і вялізныя штрафы. У кастрычніку летась ўлады замарозілі банкаўскія рахункі і канфіскавалі абсталяваньне друкарні Мэджык, дзе друкавалася 20 незалежных выданьняў. Дзяржава зачыніла незалежныя радыёстанцыі і татальна кантралюе ўсе астатнія. У сэнсе свабоды прэсы, Freedom House далучыла Беларусь да “несвабодных” краінаў.

Аналізуючы сытуацыю ў галіне вяршэнства закону, Freedom House сьцьвярджае, што з 1996 году, Лукашэнка падпісаў больш за 100 дэкрэтаў і ўказаў, з дапамогай якіх ён кіруе краінай. У Канстытуцыі 1996 году шматлікія ўнутраныя супярэчнасьці, якія пакідаюць пачуцьцё няпэўнасьці ў вяршэнстве закону. Гэтыя супярэчнасьці дазваляюць судам скарыстоўваць некаторыя артыкулы Канстытуцыі супраць апазыцыі, напрыклад, пад выглядам “пагрозы нацыянальнай бясьпецы”. Беларускі Гельсынскі Камітэт і Беларуская Ліга Правоў Чалавека маюць сьведчаньні пра зьбіцьцё людзей пасьля арышту, катаваньні для атрыманьня паказаньняў, адміністрацыйныя арышты, адмовы ў мэдычнай дапамозе, буйныя штрафы і псыхалягічны ціск. Былі выпадкі, калі актывісты апазыцыі заставаліся за кратамі да двух гадоў, пакуль іхныя справы разглядаліся. Беларуская судовая сыстэма не зьяўляецца ні незалежнай, ні бясстароньняй, – гаворыцца ў дакумэнце. Яна поўнасьцю залежная ад кіраўніка дзяржавы, які прызначае і вызваляе ад працы судзьдзяў, вызначае заробак і дае жыльлё, – канстатуе Freedom House.

І нарэшце, у разьдзеле “Лібэралізацыя эканомікі і сацыяльныя паказьнікі” сьцьвярджаецца, што беларуская эканоміка ў значнай ступені кантралюецца дзяржавай. Гэта адпавядае лукашэнкавай канцэпцыі аўтарытарнай дзяржавы савецкага тыпу і каманднай эканомікі. У Беларусі няма ўніфікаванага падаткавага заканадаўства.
Палітычны клімат ў Беларусі, заканадаўчая база і варожасьць да прыватнага сэктару робяць Беларусь найбольш непрывабнай для замежных інвэстыцыяў з усіх краінаў СНД. У выніку больш за палова насельніцтва Беларусі працягвае жыць на ўзроўні ніжэйшым за пражытковы мінімум, і сытуцыя не зьмяняецца з 1996 году, незважаючы на ўрадавыя абяцаньні, – сьцьвярджае ў сваёй справаздачы арганізацыя Freedom House.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG