Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ЎПЭЎНЕНАЕ, ШТО ВЫНІКІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ ПРЫЗНАЮЦЬ


Юры Сьвірко, Менск

Шэф МЗС таксама абяцае ня браць ніякіх захадаў што да кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка, якога Аляксандар Лукашэнка абяцае выкінуць зь Беларусі пасьля выбараў.

Сёньня міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў склікаў прэсавую канфэрэнцыю, пасьля якой у інтэрвію адрэагаваў на апошнюю заяву Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША:

(Хвастоў: ) "Гэта простае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы. Непрыстойна для гэткай краіны з даўнімі дэмакратычнымі падмуркамі, як Злучаныя Штаты, аказваць палітычны ўплыў. У нас жа таксама ёсьць свае падыходы: але ж ёсьць Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў, і Злучаным Штатам таксама трэба задумацца, што малыя краіны некалі змогуць аб'яднацца й выставіць свае прэтэнзіі ды ўмовы Злучаным Штатам. А прэтэнзіяў да Злучаных Штатаў вельмі шмат".

Віцэ-прэм'ер Хвастоў патлумачыў, якія прэтэнзіі мае афіцыйны Менск да ЗША:

(Хвастоў: ) "Яны фінансуюць, так, апазыцыю. Я пра гэта казаў, калі выкладаў свае падыходы да таго, як урад ЗША (ці адміністрацыя хутчэй) дзейнічала ў Нікарагуа. Гэта дакладна тыя ж 4 ключавыя элемэнты, якія сёньня пераносяцца на Беларусь. Мы пра гэта ведаем, у нас ёсьць доказы гэтага".

Спадару Хвастову задалі й гэткае пытаньне:

(Журналістка: ) "Югаслаўскага — зь 9-га на 10-е чысло — югаслаўскага варыянту..."

(Хвастоў: ) "Мы яго не дапусьцім".

(Журналістка: ) "То бок гэта мажліва?"

(Хвастоў: ) "Такія пляны ёсьць. І я ўважліва пачытаў тую інфармацыю, якую зьмясьціла "Советская Белоруссия" ў дачыненьні да апэрацыі "Белы бусел". Так, мы маем пацьверджаньні таго, што такія задумы ёсьць".

Спадар Хвастоў заявіў, што большасьць краін не прымяняе практыку паралельнага падліку галасоў, і дадаў, што нэгатыўна ацэньвае апытаньні выбарцаў на выхадзе з участкаў для галасаваньня. "Такое апытваньне выбарцаў парушае права на таямніцу волевыяўленьня", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што перад выбарамі Беларусь адчувае пэўны ціск з боку заходніх дзяржаваў (найперш Злучаных Штатаў) і міжнародных арганізацыяў.

Хвастоў заявіў таксама, што лічыць зварот дзяржаўнага сакратара ЗША Коліна Паўэла з нагоды 10-годзьдзя беларускае незалежнасьці "асабістым падыходам амбасадара Козака", бо гэты зварот нібыта не падпісаны і ня зьмешчаны на Інтэрнэт-старонцы Дзяржаўнага дэпартамэнту ў Вашынгтоне. Міхаіл Хвастоў падкрэсьліў, што ў звароце дзяржсакратара ёсьць наступная формула:

(Хвастоў: ) "Краіны-ізгоі" — Дзярждэпартамэнт даўно адмовіўся ад гэтага тэрміну, і мне дзіўна, што амбасада й пасол ЗША гэтага ня ведаюць".

Спадар Хвастоў адразу дадаў, што мае таксама сумнеў у аб'ектыўнасьці пазыцыі БДіПЧ АБСЭ цягам цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў, а крытыка на адрас кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка ёсьць справядлівай.

Міністар замежных справаў адказаў і на пытаньне пра далейшы лёс амбасадара Віка, якога Аляксандар Лукашэнка напярэдадні паабяцаў выкінуць з краіны пасьля выбараў.

(Хвастоў: ) "Мы ня будзем рабіць ніякіх дзеяньняў у дачыненьні да Віка як сёньняшняга кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску. Тую інфармацыю, якую мы лічым карыснай наконт дэструктыўнай дзейнасьці Віка, для азнаямленьня мы перадалі кіраўніцтву АБСЭ. І я лічу, што місія Віка мусіць быць завершаная — гэта контарпрадуктыўна для самой арганізацыі".

Віцэ-прэм'ер Хвастоў выказаў таксама ўпэўненасьць, што Аляксандар Лукашэнка пераможа ў першым туры выбараў, і заявіў:

(Хвастоў: ) "Вынікі выбараў ня могуць быць не прызнаныя Захадам. Выбары — гэта воля беларускага народу: падтрымаць ці не падтрымаць канкрэтнага кандыдата на прэзыдэнта. Гэта рашэньне народу. Я не дапускаю, што Захад можа не прызнаць выбараў як такіх. Гэта немажліва сёньня".

Паводле Міхаіла Хвастова, прэсавы цэнтар для асьвятленьня выбараў будзе створаны ў Палацы Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы, куды, нагадаю, апазыцыя заклікае сваіх прыхільнікаў прыйсьці напрыканцы дня галасаваньня 9 верасьня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG