Прычынай была ня моцная залева з навальніцамі, якая ў гэты час абрынулася на горад. Несанкцыянаваны пікет «Моладзь хоча ведаць праўду» на цэнтральным пляцы Свабоды з удзелам Людмілы Карпенкі і жонак зьніклых у Беларусі асобаў перанесьлі на адзін дзень, бо менавіта заўтра ў Віцебску адбудзецца мітынг-сустрэча выбарцаў з адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімерам Ганчарыкам.
А вось мабілізацыйны пікет «Вераса» нават у неспрыяльных умовах надвор’я прыцягнуў увагу месьцічаў. Гэта першае зь невялікага шэрагу мерапрыемстваў, якія, як лічуць сябры арганізацыі, павінны хоць напрыканцы крышку дапамагчы амаль ня чутнай у горадзе кампаніі «Выбірай!»
Падчас пікету распаўсюджваліся мабілізацыйныя матэрыялы, якія запрашалі юнакоў і дзяўчат ад 18-ці да 30-ці гадоў да выбарчых скрыняў менавіта ў асноўны дзень выбараў; аранжавыя майкі і бейсболкі з надпісамі «Выбірай!», паветраныя балёнчыкі з датай “9-га верасьня”. Таксама жадаючыя запрашаліся паўдзельнічаць у конкурсе «Хто і зь якім вынікам зойме першыя два месцы на выбарах?» Гэты конкурс, у якім змогуць удзельнічаць толькі тыя, хто прыйдзе да скрыняў у наступную нядзелю, аб’явіла недзяржаўная арганізацыя «Прыватная ініцыятыва». Прызамі есьць СД-плэер, пэйджэр і іншыя каштоўныя рэчы.
Удзельнікі акцыі засталіся задаволеныя яе вынікамі. Адзінае, што яны не маглі зразумець, чаму пры багатай колькасьці агітацыйных матэрыялаў і рэчаў мабілізацыйнае кампаніі нічога немагчыма знайсьці і атрымаць.
Міліцыянты перашкодаў не рабілі, і толькі цікавіліся плякатамі й улёткамі пікетоўцаў.
Пасьля заканчэньня акцыі хлопцы накіраваліся на Прывакзальную плошчу, каб падтрымаць традыцыйны «жывы ланцуг» сябраў АГП з пытаньнем да вышэйшай улады: «Дзе зьніклыя?»