Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРОЎ БАРАНАВІЧАЎ ПРЫМУШАЮЦЬ ГАЛАСАВАЦЬ ДАТЭРМІНОВА


Алесь Горбач, Баранавічы

Старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Міхаіл Якшук адмовіўся сёньня даваць мне якія-небудзь зьвесткі пра хаду папярэдняга галасаваньня, заявіўшы, што да 9 верасьня нічога нікому ўвогуле гаварыць ня будзе.

Тым ня менш у філіях Беларускага Гельсынскага камітэту, праваабарончага цэнтру "Вясна", а таксама ў Баранавіцкім перадвыбарчым штабе Ўладзімера Ганчарыка кажуць пра тое, што зафіксавалі ўжо не адзін выпадак прымусу да папярэдняга галасаваньня.

Так да прыкладу, афіцэры вайсковай часткі 61/732 паведамілі ўчора ў штаб Ганчарыка, што салдатаў тэрміновай службы шыхтом павялі ў клюб галасаваць.

Супрацоўнікі гарадзкога аддзелу аб'яднаньня "Ахова" таксама скардзяцца на тое, што іх прымушаюць нават падпісвацца пад абавязацельствам прагаласаваць датэрмінова.

Больш за 100 навучэнцаў Баранавіцкага тэхналягічнага тэхнікуму прагаласавалі ўчора, як яны самі сьцьвярджаюць, на загад адміністрацыі. У гарадзкой выбарчай камісіі аднак тлумачаць такую вялікую актыўнасьць навучэнцаў тым, што яны зьбіраюцца на выходныя разьехацца па вёсках.

На вокнах многіх крамаў і ўстановаў вісяць агітацыйныя плякаты Аляксандра Лукашэнкі, але адміністратары не дазваляюць зьмяшчаць побач зь імі матэрыялы Ўладзімера Ганчарыка.

Сёньня ў гарадзкім Доме культуры ўлады арганізавалі сустрэчу з касманаўтам Пятром Клімуком. Большую частку прысутных складалі студэнты ды старшаклясьнікі. Яны яшчэ слухалі прамоўцу, калі той распавядаў пра космас, але калі Клімук пачаў агітаваць за Лукашэнку і за саюз Беларусі й Расеі, моладзь учыніла касманаўту самую сапраўдную абструкцыю: распачаўся шум у залі, чуліся выкрыкі, сьвіст, многія накіраваліся да выхаду.

Старшыні гарвыканкаму Віктару Дзічкоўскаму, які сам праводзіў мерапрыемства, нічога не заставалася, як аб'явіць пра заканчэньне сустрэчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG