У адмысловай заяве, якую сёньня склаў віцебскі штаб кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка, прыводзяцца шматлікія парушэньні заканадаўства падчас перадвыбарчай кампаніі з боку афіцыйных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі.
Перадусім гэта ціск на сьвядомасьць віцяблянаў празь дзяржаўны друк. Так, 28 жніўня амаль кожны жыхар гораду знайшоў у сваёй паштовай скрыні бясплатны нумар газэтаў “Народнае слова”, “Віцьбічы” або “Віцебскі рабочы” з прапагандысцкімі матэрыяламі, прысьвечанымі Лукашэнку.
Тое самае адбылося ў Віцебску і ўчора. Да прыкладу, супрацоўнікі толькі 29-га аддзяленьня сувязі мусілі разьнесьці 4 000 дадатковых асобнікаў газэты “Віцьбічы”. Цэнтральнае месца ў гэтым нумары займае інтэрвію са старшынем аблвыканкаму Андрэйчанкам, які наўпрост заклікае гараджанаў галасаваць за Лукашэнку. Разам з газэтай жыхары Віцебску атрымалі і ўлётку ў падтрымку Лукашэнкі, прычым без выходных зьвестак.
У заяве абласнога штабу Ганчарыка гаворыцца таксама, што на выбарчых участках з боку чальцоў выбарчых камісіяў вядзецца агітацыя за кандыдата Лукашэнку. Паўсюдна ёсьць каляровыя брашуры ды агітацыйныя плякаты зь ягоным партрэтам, а інфармацыі пра іншых кандыдатаў найчасьцей няма.
Апроч гэтага, у першы ж дзень папярэдняга галасаваньня, учора, на 49-м выбарчым участку, які месьціцца ў сярэдняй школе №39, на інфармацыйны стэнд вывесілі як узор правільнага запаўненьня бюлетэнь з ужо пазначаным прозьвішчам Лукашэнкі.
Зважаючы на гэткія факты, абласны штаб Уладзімера Ганчарыка ў Віцебску мусіў скласьці адпаведную заяву, выказаўшы пратэст супраць незаконных мэтадаў узьдзеяньня на выбарцаў з боку прадстаўніцтва штабу Аляксандра Лукашэнкі.
А пакуль гэтую заяву рыхтавалі, віцябляне атрымалі і сёньня чарговую порцыю афіцыйнай прапаганды ды агітацыі — бясплатны нумар газэты “Советская Белоруссия” з каляровым партрэтам Лукашэнкі ды ягонай праграмай на першай старонцы. Заўважым, што распаўсюд альтэрнатыўнага, апазыцыйнага друку ў Віцебску, як і паўсюль, улады перасьледуюць.