У вёсцы Ханчыцы Сьвіслацкага раёну выбарчы ўчастак павінен быць у клюбе, але знаходзіцца ў кабінэце дырэктара калгасу імя Дзяржынскага. З гэтым сутыкнуўся незалежны назіральнік Анатоль Валюк. На разьмяшчэньне ўчастка ў клюбе не далі згоды пажарнікі, і галасаваньне адбываецца ў калгаснай канторы.
Яшчэ пра адно парушэньне гаворыць старшыня рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага камітэту Аляксандар Антанюк:
(Антанюк: ) "У Бераставіцкім раёне ўнікальны выпадак, калі двух назіральнікаў, якія прыехалі з гораду, выдалілі з памяшканьня выбарчага ўчастка на той падставе, што яны ня маюць права знаходзіцца ў памежнай зоне, і іх не зарэгістравалі зусім".
Дарэчы, назіральнікаў выгналі пасьля таго, як яны адзначылі прыход узводу салдатаў-памежнікаў. Тых прывялі галасаваць, адбылося гэта ў вёсцы Макараўцы.
Такія самыя факты адзначаныя ў Горадні на 112 участку. Салдатаў двойчы прыводзілі галасаваць. Пратакол пра гэта склаў назіральнік ад Свабоднага прафсаюзу Яўген Лясоцкі.
На 121-м участку гораду сакратарка камісіі Крыжаноўская паведамляла ў раённую камісію зьвесткі пра колькасьць тых, хто прагаласаваў, зьвесткі па асобных дамах-інтэрнатах, складзеная карга ў пракуратуру.
Сёньня гарадзенскіх паштальёнаў прымушалі разносіць па кватэрах каляровы спэцвыпуск "Советской Белоруссии", прысьвечанай Лукашэнку. У адным паштовым аддзяленьні назіральнікам удалося забраць каля 1000 асобнікаў гэтай газэты.
Тым часам рэдакцыя незалежнай газэты "Пагоня" ўжо тры дні ня можа надрукаваць наклад спэцвыпуску, які прысьвечаны Ўладзімеру Ганчарыку. Па зьвестках галоўнага рэдактара Міколы Маркевіча, у друкарні ёсьць адпаведны загад з аблвыканкаму.
Па вобласьці зафіксавалі мноства іншых парушэньняў. Напрыклад, у Ашмянах на ўчастку, які знаходзіцца ў коледжы, былі дзьве выбарчыя скрынкі, а навучэнцаў групамі вадзілі галасаваць выкладчыкі.
Назіральнікаў не дапускаюць на ўчасткі. У Ашмянах і ў Лідзе на ўчастках няма сьпісаў выбарцаў (альбо іх не паказваюць).