Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТ БУНДЭСТАГУ УТА ЦАПФ: ДЛЯ ЭЎРАПЕЙСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ ВАЖНА, ЯК СТАВІЦЦА ЛУКАШЭНКА ДА МІСІІ АБСЭ


Алена Панкратава, Менск

Меркаваньні наконт падобнага разьвіцьця падзеяў выказала ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода дэпутатка Бундэстагу, старшыня камісіі па раззбраеньню, кантролю за ўзбраеньнем і ягоным нераспаўсюдам Ута Цапф. Спадарыня Цапф павінна прыбыць у Менск у гэтую суботу як міжнародная назіральніца ад АБСЭ.

Сёньня ў тэлефоннай размове дэпутатка Бундэстагу і міжнародная назіральніца АБСЭ Ута Цапф паведаміла, што адразу пасьля вяртаньня зь Менску ў Бэрлін, 11-га верасьня, яна думае сустрэцца з эўрапейскімі палітыкамі і абмяняцца зь імі менскімі ўражаньнямі. Па абмеркаваньні будзе выпрацоўвацца далейшая эўрапейская стратэгія адносна Беларусі.

Паводле прадстаўнікоў палітычнай клясы ў Нямеччыне, эўрапейцы маюць значна менш разыходжаньняў з амэрыканскімі палітыкамі што да агульнай стратэгічнай лініі адносна Беларусі. Да самага апошняга часу меркавалася, што міжнародныя назіральнікі маюць адну матывацыю для візыту ў Беларусь: засьведчыць, што вынікі выбараў, незалежна ад таго, хто ў іх пераможа, ілюструюць волю большай часткі насельніцтва краіны.

(Цапф: ) "Менавіта ў такім выпадку розныя міжнародныя структуры былі б гатовыя прызнаць іх, а таксама дапамагчы Беларусі выйсьці з той ізаляцыі, у якой яна апынулася, спрыяць інтэнсіўнамусупрацоўніцтву паміж Менскам і Захадам.

Зразумела, мы былі б рады такому разьвіцьцю падзеяў. Аднак учора Лукашэнка, як гавораць у нас у Нямеччыне, літаральна паказаў Віку "на стул за дзьвярыма". Гэта я лічу важнай падставай, каб спыніць падобныя намаганьні Захаду. Пытаньне, як спадар Лукашэнка абыдзецца зь місіяй АБСЭ ў Менску, на цяперашні момант вельмі важнае для многіх уплывовых эўраструктураў — Эўрапарлямэнту, Эўразьвязу, АБСЭ ды іншых".

Спадарыня Ута Цапф, як іншыя нямецкія палітыкі, лічыць абуральнымі апошнія выказваньні беларускага лідэра на адрас спадара Віка. Той казаў, што эўрапейскі дыплямат быццам бы не адпавядае свайму мандату, што ён увогуле рыхтуе дзяржаўны пераварот у Беларусі.

(Цапф:) "Тое, што я ўбачыла сёньня ў паведамленьнях нямецкіх інфармацыйных агенцыяў, а менавіта, што кіраўнік эўрапейскай краіны публічна заявіў, быццам Вік працуе на сакрэтныя службы і займаецца шпіёнскай дзейнасьцю — гэта вельмі недастойны ўчынак для такой пэрсоны як прэзыдэнт. Спадар Вік правёў вельмі вялікую дзейнасьць, каб пабудаваць і стабілізаваць дэмакратычныя структуры ў Беларусі.

Зразумела, кіраўнік місіі АБСЭ зараз моцна заняты выбарамі. Гэта галоўны напрамак ягонай дзейнасьці ў Беларусі. У гэтым зьвязку хачу дадаць, што зробленая АБСЭ праца ў Беларусі мае надзвычайнае значэньне, паколькі праводзілася ў дастаткова складаных умовах. Выпады Лукашэнкі супраць Віка ня маюць ніякіх падставаў.

Магчыма, беларускаму лідэру не падабаецца тое, што АБСЭ не працуе на ўладныя беларускія структуры, хоць дэ-юрэ, у межах свайго мандату, прадстаўнікі місіі маюць даручэньне на кантакты з рознымі палітычнымі сіламі грамадзтва. Магчыма, беларускі лідэр нават сур'ёзна пакрыўдзіўся на спадара Віка, аднак усе гэтыя крыўды не даюць падставаў для публічных абвінавачаньняў у дзяржаўным перавароце.

Прэзыдэнту трэба дакладна растлумачыць, што падтрымка дзейнасьці АБСЭ і спадара Віка, у прыватнасьці, зьяўляецца ключавым элемэнтам для далейшага супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай".

Паводле нямецкіх палітыкаў, у тым выпадку, калі дзейнасьць АБСЭ ў Беларусі будзе спыненая, можа адбыцца вельмі значны і адчувальны канфлікт паміж Беларусьсю і Эўропай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG