Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАРЭСПАНДЭНТ СВАБОДЫ ВЫСЬВЯТЛЯЕ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА ШТАБ “ЭСКАДРОНУ СЬМЕРЦІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Вартаўнік: ) "Слухаем вас".

(Карэспандэнт: ) "Добры дзень".

(Вартаўнік: ) "Добры дзень".

(Карэспандэнт: ) "Я журналіст з Радыё Свабода. Ці можна да вас прайсьці, каб паразмаўляць?"

(Вартаўнік: ) "Не, пачакайце, зараз да вас выйдуць".

Гэтак я спрабаваў прайсьці ў будынак, указаны як месца знаходжаньня штабу эскадронаў сьмерці ў лісьце ананімных аўтараў, якія называюць сябе супрацоўнікамі КГБ.

У лісьце, які зьявіўся ў Інтэрнэце, было сказана, што на вуліцы Талбухіна, у будынку за мэталічнай агароджай месьціцца штаб падразьдзяленьня, створанага дзеля агентурна-апэратыўнай распрацоўкі апазыцыі.

Гаварылі таксама, што гэтае падразьдзяленьне не падпарадкоўваецца ніводнай зь дзяржаўных праваахоўчых структураў, што ствараў яго былы міністар Сівакоў на загад Віктара Шэймана, і спачатку гэтым падразьдзяленьнем кіраваў былы вайсковы выведнік Ткачэнка, а цяпер кіруе былы супрацоўнік прэзыдэнцкай службы аховы Мікалай Васільчанка. Менавіта яму нібыта падпарадкоўваецца і група СОБРаўца Паўлічэнкі, якога падазраюць у выкраданьні Ганчара і Красоўскага.

Дакладнага адрасу гэтага штабу эскадронаў сьмерці ананімы, аднак, не называлі.

Але падобна, што будынак, пра які ідзе гаворка, я знайшоў. Ён мае нумар 93б і адносіцца, відаць, не да вуліцы Талбухіна, а да праспэкту Скарыны, які тут, мяркуючы па шыльдзе ў двары, чамусьці захаваў назву Ленінскі праспэкт. Відавочна, што захавалася тут ня толькі старая камуністычная назва, але і атмасфэра сакрэтнасьці.

Жыхары прылеглых дамоў, як і супрацоўнікі гатэля "Дружба", што насупраць, пераходзілі на шэпт, калі распавядалі пра дзіўны жоўты будынак за плотам і ягоных наведнікаў у цывільным, пра якіх нічога невядома. "Яны тут 3-4 гады, раней тут быў дзіцячы садок", — паведаміла адна бабуля і спыніла размову.

Празь пяць хвілінаў пасьля перамоваў зь нябачным вартаўніком да мяне выйшаў малады каротка стрыжаны чалавек. Назваўся Юрам і спытаў мае дакумэнты. Паміж намі адбылася наступная размова:

(Карэспандэнт: ) "Нам цікава — што гэта за будынак, чым тут займаюцца людзі?"

(Юры: ) "Гэта адміністрацыйна-гаспадарчая служба, звычайная дзяржаўная служба, якая займаецца гападарчай дзейнасьцю".

(Карэспандэнт: ) "А чаму такія меры аховы звычайнай гападарчай службы і чаму вы не называеце свайго прозьвішча?"

(Юры: ) "Чаму вы так кажаце — звычайныя меры перасьцярогі, тут няма нічога такога..."

(Карэспандэнт: ) "Але вось гэты плот, дамафон — гэта як у амбасадзе".

(Юры: ) "Не, усё звычайна".

(Карэспандэнт: ) "Дык што, можна прайсьці? Мы з вамі пройдзем і паглядзім, што там?"

(Юры: ) "А навошта туды хадзіць? Чаму ўвогуле вас гэта цікавіць?"

(Карэспандэнт: ) "Я ж вам ужо тлумачыў, што мы правяраем інфармацыю, быццам тут знаходзіцца штаб эскадронаў сьмерці".

(Юры: ) "Гэтая інфармацыя недакладная".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, вы ніякімі тайнымі апэрацыямі супраць апазыцыі не займаецеся?"

(Юры: ) "Не займаліся, не займаемся і не зьбіраемся займацца".

(Карэспандэнт: ) "А чым вы займаецеся?"

(Юры: ) "Гаспадарчай працай".

(Карэспандэнт: ) "Вы нешта будуеце, нечым гандлюеце?"

(Юры: ) "Гэта камэрцыйная тайна".

(Карэспандэнт: ) "А каму падпарадкоўваецца вашая арганізацыя? Адміністрацыі прэзыдэнта, МУС, КГБ?"

(Юры: ) "Ніводнай зь сілавых структураў нашае падразьдзяленьне не падпарадкоўваецца".

(Карэспандэнт: ) "Дык усё ж гэта падразьдзяленьне?"

(Юры: ) "Служба".

(Карэспандэнт: ) "Служба чаго? І каго ж вы абслугоўваеце?"

(Юры: ) "Мы нікога не абслугоўваем".

Збольшага Юры не абмяжоўваў мяне ў пытаньнях, але адказваў на астатнія "не" альбо "ня ведаю". Пацьвердзіў ён толькі, што з прэсы ведае, хто такія Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі, але да іхнага зьнікненьня, маўляў, ягоныя калегі не датычныя.

А вось прозьвішчы Паўлічэнка, Ткачэнка, Васільчанка Юры, паводле ягоных словаў, чуе ўпершыню." Гэтыя людзі тут ніколі не бывалі", — запэўніў мяне Юра зь "невядомага сакрэтнага падразьдзяленьня" і на разьвітаньне занатаваў дадзеныя з маіх дакумэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG