Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТУДЭНТЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ДЗЕЯНЬНЯЎ КІРАЎНІЦТВА ЎНІВЭРСЫТЭТУ КУЛЬТУРЫ


Ягор Маёрчык, Менск

Падчас заняткаў на ганку Беларускага ўнівэрсытэту культуры сабралася некалькі дзясяткаў студэнтаў розных ВНУ Менску. Яны прыйшлі, каб абараніць сваіх калегаў ад дзеяньняў адміністрацыі ўнівэрсытэту.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Мы патрабуем ад адміністрацыі ўнівэрсытэту культуры, ад Міністэрства адукацыі, а таксама ад Міністэрства культуры таго, каб былі захаваныя правы студэнтаў. Мы патрабуем, каб студэнтам далі магчымасьць выказаць сваё меркаваньне, сваю пазыцыю. Мы за свабодныя выбары для студэнтаў. Мы патрабуем, каб зараз зьявіўся прадстаўнік адмінісітрацыі".

Але з адміністрацыі да студэнтаў так ніхто і ня выйшаў. Тады ўдзельнікі акцыі напісалі пэтыцыю да рэктара ўнівэрсытэту, у якой запатрабавалі спыніць парушэньне правоў студэнтаў, выступілі супраць закрыцьця інтэрнатаў з 7 па 11 верасьня і пазбаўленьня права галасаваць у нядзелю. Аднак занесьці дакумэнт перашкодзілі прарэктар Аляксандар Смолік і нейкія хлопцы ў цывільным. Яны заблякавалі спачатку ўваход у будынак унівэрсытэту, а пасьля — рэктарату.

(Смолік: ) "Мы не прапускаем пабочных асобаў".

(Хлопец у цывільным: ) "Усё, калі ласка, мітынг скончыўся, разыходзьцеся".

(Вокліч: ) "Рэктара" Рэктара!"

Нарэшце некалькі ўдзельнікаў акцыі прарваліся на другі паверх, дзе месьціцца кіраўніцтва. Рэктар Беларускага ўнівэрсытэту культуры Ядвіга Грыгаровіч выглядала крыху зьбянтэжанай. Яна прыпыніла сваю працу і запраіла візытораў у кабінэт. На усе абвінавачваньні быў адказ:

(Грыгаровіч: ) "Гэта абсалютная хлусьня! У нас два інтэрнаты: першы інтэрнат, адрамантаваны, заселены, а ў другім інтэрнаце ідзе капітальны рамонт. Гэтыя дні вельмі шырокая канцэртная дзейнасьць. Студэнты паедуць на практыку 6-га, 7-га, 8-га, 10-га, 11-га, 12-га. Ніхто іх не прымушае, яны могуць прагаласаваць у любы час. У нас ня будзе фальсыфікацыяў. Я гэта гарантую".

Удзельнікі сустрэчы былі задаволеныя гарантыямі Ядвігі Грыгаровіч і вырашылі спыніць акцыю студэнцкага супраціву. Але высьвятляецца, што словы рэктара разыходзяцца з тым, пра што сьведчаць студэнты.

(Карэспандэнт: ) "Зачыняюць унівэрсытэт? Так?"

(Студэнтка: ) "З 7-га па 11-га".

(Карэспандэнт: ) "А як будуць галасаваць?"

(Студэнтка: ) "Усе датэрмінова".

(Другая студэнтка: ) "У інтэрнаце сказалі ехаць дахаты".

(Студэнтка: ) "Усе павінны галасаваць датэрмінова".

Я наведаў інтэрнаты Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Яны сапраўды выглядаюць незаселенымі. На дошках аб'яваў няма ніякай перадвыбарчай агітацыі за кандыдатаў на прэзыдэнта. Затое паўсюль вісяць аб'явы з рэклямай датэрміновага галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG