Адрозна ад Уладзімера Ганчарыка, які езьдзіць цяпер да выбарцаў па рэгіёнах, Аляксандар Лукашэнка паклікаў сваіх выбацаў у сталіцу, у вялікую залю Палаца Рэспублікі, якая ўмяшчае каля двух з паловай тысяч чалавек.
Сярод дэлегатаў, накіраваных ад розных калектываў, амаль не было відаць нейкіх простых людзей — рабочых ці даярак. Гэта былі пераважна кіраўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў. Быў заўважаны кіраўнік СОБРу Д.Паўлічэнка. Усе дэлегаты горача выступалі ў падтрымку пераабраньня Аляксандра Лукашэнкі.
З апанэнтаў Лукашэнкі асабіста ён запрасіў толькі кіраўніцу перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціну Палевікову, якой абяцалі магчымасьць выступіць на гэтым сходзе, што яна і рэалізавала, папрасіўшы спадара Лукашэнку паабяцаць, што той ня будзе ініцыяваць прымусовага датэрміновага галасаваньня і што кампанія далей пойдзе вольна і справядліва.
Кіраўнік адмінстрацыі Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Мясьніковіч адмовіўся патлумачыць Радыё Свабода, колькі каштавала гэтая нарада — прывезьлі 2,5 тысячы выбарцаў, пакармілі іх, арандавалі залю. Мясьніковіч жа зазначыў, што гэта зусім не перадвыбарчае спатканьне Аляксандра Лукашэнкі:
(Мясьніковіч: ) "Гэта праца прэзыдэнта".
(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, не вядзецца пра тое, што гэта перадвыбарчы сход?"
(Мясьніковіч: ) "Не, не — гэта сустрэча дзеючага прэзыдэнта і справаздача яго перад беларускім народам у першы дзень датэрміновага галасаваньня".
А.Лукашэнка выступаў вельмі доўга, каля дзьвюх гадзінаў, а потым адказваў на пытаньні. Спачатку ў ягонай прамове не было нічога новага, але потым, калі гаворка пайшла пра Захад, тут яго як узарвала.
Вельмі нэгатыўна, нават нэрвова ацаніў Аляксандар Лукашэнка зварот Дзяржасакратара ЗША Коліна Паўэла з нагоды 10-годзьдзя незалежнасьці Беларусі. Ён зазначыў, што гэты зварот падрыхтаваны не самім Паўэлам, а амбасадарам ЗША ў Менску Майклам Козакам. А.Лукашэнка заявіў, што ён меў копію гэтага звароту за 10 дзён да ягонай публікацыі, дзякуючы беларускім ды расейскім спэцслужбам, якія здабылі яе.
(Лукашэнка: ) "Адмова ад такіх крокаў, гаворыць Паўэл, будзе азначаць пераўтварэньне цяперашняга рэжыму ў адзінага ізгоя ў Эўропе. Ну, я разумею. Учора чалавек хадзіў з аўтаматам у руках, памятаеце "Буру ў пустыні", вайсковы мундзір — ён іншага ня ведаў. Цяпер пасадзілі на дыпляматычную работу, далі шарыкавую ручку. А ён думае, што гэта аўтамат ці кулямёт. Хіба дапушчальна высокапастаўленаму чалавеку паводзіць сябе падобным чынам?"
Паводле спадара Лукашэнкі, Захад распрацаваў супраць Беларусі і беларускага кіраўніцтва спэцыяльную апэрацыю па адхіленьню Лукашэнкі ад улады, апэрацыя называецца "Белы бусел". Аднак бусел — гэта беларуская птушка, а не амэрыканская, тут амэрыканцы пралічыліся, таму ніякага паўтарэньня югаслаўскага сцэнару ён не дапусьціць, — сказаў Лукашэнка.
На гэтым тле зусім дзіўнымі былі ягоныя выказваньні пра гатоўнасьць нармалізаваць адносіны з ЗША. Паводле ягоных словаў, месяц таму ён накіраваў асабісты ліст прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу. Ліст гэты перадаў Міхаіл Гарбачоў, і цяпер гэты ліст знаходзіцца на стале ў Буша.
Яшчэ адным няпрыяцелем Беларусі Лукашэнка назваў кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка. Паводле ягоных словаў, Вік дзейнічае так, каб быць высланым зь Беларусі да выбараў.
(Лукашэнка: ) "Мы яго выкінем прэч — але пасьля выбараў. І гэта не пагроза. Ён гэта ведае, я яму асабіста ў вочы гэта сказаў, і наш міністар замежных справаў яго аб гэтым папярэдзіў".
Вельмі нэгатыўна выказаўся А.Лукашэнка і пра свайго асноўнага саперніка на выбарах Уладзімера Ганчарыка. Ён назваў яго чалавекам, які вёў сябе па-здрадніцку. Паводле Лукашэнкавых словаў, Ганчарыка спрабуюць выкарыстаць як бульдозэр або шырму для дзеяньняў нацыяналістычна арыентаванай апазыцыі, якія будуць ва ўрадзе Ганчарыка ў выпадку ягонай перамогі на выбарах.