«Пагроза фальшаваньня» - гучыць загаловак артыкулу ў славацкай газэце Pravda. «Апазыцыйны кандыдат атрымаў першае папярэджаньне» - паведамляе эстонская Eesti Päevaleht. «Аўтарытарны беларускі прэзыдэнт у нядзелю паспрабуе захаваць свой мандат», - цьвердзіць люксэмбурская Tageblatt. Літоўская газэта Lietuvos Žinios і румынская Curierul Naţional пішуць пра нядаўнія выказваньні амбасадара Майкла Козака, які параўноўвае колішнюю сытуацыю ў Нікарагуа зь цяперашняй беларускай. Урэшце, літоўская Lietuvos Rytas распавядае, як дэпутатам беларускага псэўдапарлямэнту ўдалося спакусіць двух літоўскіх парлямэнтароў прыехаць у Менск у якасьці «прыязных назіральнікаў» - за поўны кошт беларускай дзяржавы.
«Беларусь перад выбарам: Новыя часы для дыктатараў». Артыкул пад такім назовам надрукавала сёньня дацкая газэта Jyllands-Posten. Аўтар артыкулу Флемінг Розэ распавядае пра цяжкую долю беларускага незалежнага друку, які цкуюць і душаць улады. Аўтар піша: «У гэтым выяўляюцца ўпартыя спробы Лукашэнкі здушыць крытычную і незалежную прэсу, аднак гэта таксама сьведчыць і пра тое, як цяжка быць дыктатарам у сёньняшняй Усходняй Эўропе без Жалезнай Заслоны, без марксысцка-ленінскай ідэалёгіі, з дапамогай якой ствараліся праўдападобныя вобразы ворага. Да таго ж у Лукашэнкавай краіне няма ніякіх этнічных канфліктаў і супярэчнасьцяў, каб разьвязаць вайну дзеля мабілізацыі насельніцтва».
Аднак дыктатар мае падтрымку з Масквы. Расейскі тэлежурналіст Павел Шарамет у гутарцы з газэтай зазначыў, што «падобную памылку ўжо некалі зрабілі Злучаныя Штаты, калі ў 60-70-х гадох падтрымвалі дыктатараў у Іране, Чылі, Нікарагуа, толькі за тое, што тыя былі антыкамуністы. Аднак тыя дыктатарскія рэжымы трацілі свае ўплывы і сканчаліся крахам. Тая самая рызыка пагражае Расеі, якая гатовая падтрымваць дыктатара толькі за тое, што ён заяўляе пра сваю адданасьць Маскве», - піша дацкая газэта Jyllands-Posten.
Нарвэская Dagbladet прысьвячае Беларусі артыкул свайго карэспандэнта Марціна Паўлсэна пад загалоўкам «Апошні бастыён дыктатуры». «9 верасьня ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Прэзыдэнт Лукашэнка ня можа сабе ўявіць, што выйграць іх можа нехта іншы, апрача яго»
Напярэдадні выбараў шмат хто праводзіць паралелі зь перамогай Каштуніцы. Аднак Беларусі, якая вядзе незаўважнае існаваньне ў сэрцы Ўсходняй Эўропы, наканавана застацца апошняй дыктатурай Эўропы. Цяперашні кіраўнік Аляксандар Лукашэнка зробіць усё, каб не паўтарыць лёс Мілошавіча.
Шмат хто ў шэрагах прыхільнікаў Ганчарыка лічыць, што ён страціў шанец на перамогу, бо апазыцыя здолела дамовіцца наконт адзінага кандыдата фактычна толькі перад самымі выбарамі. Самая вялікая праблема ў тым, што бальшыня выбарцаў проста ня ведае, хто такі Ганчарык. Дэмакраты спасылаюцца на Югаславію, дзе апазыцыйныя сілы мелі некалькі месяцаў на тое, каб пазнаёміць насельніцтва з Каштуніцам. Такім чынам, Беларусь найверагодней і пасьля верасьнёўскіх выбараў застанецца апошнім бастыёнам дыктатуры ў Эўропе, - лічыць нарвэская газэта Dagbladet.
Нямецкая Süddeutsche Zeitung назвала свой сёньняшні артыкул пра Беларусь «Саша і зубры». Карэспандэнт газэты Даніэль Брэслер малюе партэт беларускага кіраўніка. Падчас выбараў 1994 году ён зацьвердзіў сябе як майстар ілюзіяў. Адзін супраць карупцыі. Бальшыня беларусаў паверылі яму, прагаласавалі за яго, зрабілі яго прэзыдэнтам маладой краіны. І за гэты час ён мэтанакіравана ператварыў краіну ў апошні сацыялістычны барак Эўропы. Ён не кіруе, ён не загадвае – ён творыць. «Лукашэнка – мастак, - кажа карэспандэнту рэжысэр Юры Хашчавацкі. – Ён малюе карціну. Беларусь – гэта ягоная карціна. Ён вельмі цікавы чалавек. Гэта геніяльны, звар’яцелы фантаст. Шкада толькі, што ён пастаўлены кіраваць дзесяцьцю мільёнамі беларусаў. Гэта тое самае, калі б прэзыдэнтам быў Ван Гог...» - кажа Юры Хашчавацкі.
Далей аўтар падрабязна знаёміць чытачоў з «зубрамі» - апазыцыйнай рэжыму моладзьдзю. «Зубры» ўжо сёньня ведаюць, што пасьля сфальшаваньня вынікаў выбараў іхная дарога вядзе на Кастрычніцкі пляц у Менску. Яны прызнаюцца, што ім страшнавата. Але, кажа адзін зь іх, страх – гэта бумэранг. Ён упадзе на таго, хто яго запусьціў. Гэтак піша сёньня нямецкая газэта Süddeutsche Zeitung.