Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАНЦУГ СЯБРОЎ АГП І СВАЯКОЎ ЗЬНІКЛЫХ СУСТРАКАЎ ВЫБАРЦАЎ ЛУКАШЭНКІ І ЯГО САМОГА ЛЯ ПАЛАЦА РЭСПУБЛІКІ


Ягор Маёрчык, Менск

Раніцай каля сотні людзей сталі абапал праспэкту Францішка Скарыны на Кастрычніцкім пляцы. Апранутыя ў кашулі з надпісам "Хочам ведаць праўду", яны трымалі партрэты зьніклых — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага і Юр'я Захаранкі. Літаральна праз хвіліну аднекуль зьявіліся некалькі дзясяткаў людзей у цывільным.

(Галасы: ) "Хто ты такі? Бандзіт! Рукі прэч! Рукі прэч!"

Удзельнікі акцыі бяруць адзін аднога пад рукі і сядаюць на зямлю. Седзячы, лідэр АГП Анатоль Лябедзька камэнтуе дзеяньні людзей у цывільным:

(Лябедзька: ) "Гэтыя людзі рыхтуюцца да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з выбарцамі. Але там будуць зьбірацца правільныя выбарцы. А тут сабраліся няправільныя выбарцы, таму што яны ня хочуць глядзець на сьвет вачыма Аляксандра Лукашэнкі".

Удава Генадзя Карпенкі Людміла дадае:

(Карпенка: ) "Усе падонкі сёньня зьбіраюцца тут. Хочам нагадаць пра нашых мужоў. Пра той тэрор, пра тыя забойствы, якія адбываюцца ў нашай краіне".

Людзі ў цывільным ужо не спрабуюць прагнаць пікетоўцаў. Яны проста акружылі іх і такім чынам перашкаджаюць мінакам далучыцца да акцыі. Тым часам яе ўдзельнікі акцыі падымаюцца зь зямлі. Некаторыя машыны сыгналяць у салідарнасьць зь імі.

Апоўдні на пляцы зьявіліся першыя аўтобусы зь людзьмі, якіх прывезьлі на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Пікетоўцы прарываюць ланцуг зь людзей у цывільным і бягуць да цэнтральнага ўваходу ў Палац Рэспублікі. Пасажыры аўтобусаў сарамліва адварочваюцца ад пікетоўцаў і ня вельмі хочуць кантактаваць з журналістамі.

Я, як шараговы выбаршчык, вырашаю прайсьці на сустрэчу з кандыдатам на прэзыдэнта. Але на ўваходзе ў Палац мяне спыняе ахоўнік са службы бясьпекі прэзыдэнта.

Жанчыну сталага веку таксама не пускаюць:

(Жанчына, плача: ) "Не пускаюць да прэзыдэнта. Пагражаюць, што рукі будуць круціць".

За паўгадзіны да зьяўленьня Аляксандра Лукашэнкі да пікетоўцаў падыходзіць міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Ён угаворвае пікетоўцаў пакінуць пляц. Тыя не згаджаюцца.

Людзі ў цывільным зноў спрабуюць прагнаць пікетоўцаў з пляцу. Тыя зноў ствараюць жывы ланцуг і сядаюць на зямлю. Супрацоўнікі сілавых структураў акружаюць пікетоўцаў.

Воклічам "Ганьба!" сустракаюць удзельнікі акцыі зьяўленьне Аляксандра Лукашэнкі. Ён робіць выгляд, што людзей з партрэтамі зьніклых на пляцу няма і рухаецца да ўваходу ў палац.

Жанчыну сталага веку, якая плакала ля ўваходу, на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам так і не пусьцілі. Раззлаваная, яна кажа: "Калі так, ня буду за яго галасаваць!" і пакідае Кастрычніцкі пляц.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG