У размове з назіральнікам, які быў сьведкам гэткага несанкцыянаванага ўваходу ў памяшканьне камісіі, старшыня камісіі Лявонці Лемяшэўскі яшчэ раз пацьвердзіў, што назіральнікаў у дзень выбараў у гарадзкую камісію ня пусьціць.
Пра гэта стала вядома ўчора, калі Алесь Аўсеенка, які быў вылучаны назіральнікам у гарадзкую камісію, прыйшоў туды, каб зарэгістравацца. Замкнёныя дзьверы памяшканьня камісіі яму адчыніў намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Федаровіч. Гаворыць Алесь Аўсеенка:
(Аўсеенка: ) "Перада мной дзьверы адчыніў намесьнік старшыні гарвыканкаму Федаровіч, і зь ім у памяшканьне камісіі ўвайшлі яшчэ некалькі чалавек. Я спытаўся, ці ёсьць тут старшыня камісіі і сакратар, каб зарэгістравацца, а яны адказалі, што няма.
Потым я распавёў пра гэта старшыні гарадзкой выбарчай камісіі Лемяшэўскаму, а ён сказаў, што Федаровіч заходзіў за плякатамі ў камісію. Спадар Лемяшэўскі таксама заявіў, што ў дзень выбараў у камісію мяне ня пусьціць".
Учора таксама адбылася сэсія пінскага гарсавету ў справе выхаваньня моладзі. Нягледзячы на абсалютна рабочую і, здавалася б, непалітычную тэму сэсіі, старшыня савету Ніна Кахновіч не дазволіла прадстаўнікам незалежных сродкаў масавай інфармацыі ды намесьніку старшыні Пінскай філіі БСДП Сяргею Касьцюковічу прысутнічаць у залі ў часе сэсіі. У той час, як у яе працы ўзялі ўдзел дэпутаты "палаты прадстаўнікоў" ад Пінску і Пінскага раёну, мясцовыя вэртыкальшчыкі ды яшчэ нейкія невядомыя людзі, якія прыехалі зь Менску. Упершыню дзьверы выканкамаўскай залі паседжаньняў ахоўвалі тры міліцыянты.
Гаворыць журналіст газэты "Берасьцейскі кур'ер" Павал Куніцкі, які спрабаваў трапіць на сэсію:
(Куніцкі: ) "Дзьверы пільна ахоўвалі, каб я ня трапіў у залю. Ахова (два сяржанты і маёр), калі я спрабаваў наблізіцца да дзьвярэй, адразу блякавалі ўваход".
Сымбалічна, што на сэсіі таксама прысутнічалі каля трох дзясяткаў узброеных маладых міліцыянтаў, якія толькі што сталі ўчастковымі. Адразу пасьля гэтага мерапрыемства яны ўпершыню накіраваліся на свае ўчасткі.