Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК ГАРАДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ САЎЧАНКА САБРАЎ СТУДЭНТАЎ ТРОХ УНІВЭРСЫТЭТАЎ І ЗАКЛІКАЎ ІХ ГАЛАСАВАЦЬ ЗА ЛУКАШЭНКУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Уладзімер Саўчанка насьмяшыў студэнтаў. Ён сказаў, што сёлета стыпэндыі павялічацца ўдвая, а праз 4 гады студэнты будуць атрымліваць па 100 даляраў на месяц — заля адказала сьмехам. Старшыня аблвыканкаму прачытаў 45-хвілінны даклад аб дасягненьнях у эканоміцы. Ён, аднак, прызнаў, што заробкі ў беларусаў нізкія.

Уладзімер Саўчанка таксама крытыкаваў дэмакратычныя сілы, адзінага кандыдата ад грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка і заклікаў прысутных галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах толькі за Лукашэнку.

Абласны начальнік пераконваў, што зроблены ў верасьні бясплатны праезд для студэнтаў не зьвязаны з выбарамі. Расказваў, як дзяржава дбае пра студэнцтва. Яму задалі два пытаньні: чаму ў Гаразенскім дзяржаўным унівэрсытэце 736 студэнтаў зь іншых гарадоў ня маюць інтэрнату? І чаму ў інтэрнатах студэнты жывуць у кепскіх умовах — па чатыры чалавекі ў пакоі? Начальства патлумачыла, што раней жылі яшчэ горш, па пяць чалавек, а ложкі ставілі на два роўні.

На сходзе таксама выступіў з агітацыяй рэктар аграрнага ўнівэрсытэту Вітольд Песьціс, які зьяўляецца даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Унівэрсытэцкае начальства запэўніла старшыню аблвыканкаму, што абсалютная большасьць студэнтаў і выкладчыкаў прагаласуе за Лукашэнку.

Паводле зьвестак, атрыманых з ашмянскага грамадзкага прэсавага цэнтру ад Пятра Явідовіча, сёньня ў Ашмянах да трох сутак арышту засуджаны незалежны назіральнік Руслан Мечыслаўскі. Бліжэйшыя дні ён ня зможа назіраць за папярэднім галасаваньнем.

Учора спадар Мечыслаўскі зарэгістраваўся на ўчастку і накіраваўся ў райвыканкам. Там яго спыніла вахцёрка і запатрабавала паказаць ягоныя рэчы, а затым яна выклікала міліцыю, калі Руслан выказаў нязгоду. Яго завезьлі ў райаддзел, склалі пратакол і пасадзілі за краты. Раніцай з чорнага ходу завялі ў суд, каб арыштаваны ня меў кантактаў з грамадзкім абаронцам. Трое сутак арышту яму даў судзьдзя Казакевіч, які калісьці судзіў Паўла Шарамета.

А зь Дзятлава паступіла такая інфармацыя — у райвыканкаме зьбіралі кіраўнікоў усіх прадпрыемстваў, арганізацыяў і калгасаў. Ім загадана, каб іхныя падначаленыя прагаласавалі датэрмінова. Самім кіраўнікам у гэтыя дні забаронена зьяжджаць у камандзіроўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG