Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НА ГЛЯНЦЫ БЕЛАРУСКАЙ УЛАДЫ ПАЧАЛІ ЗЬЯЎЛЯЦЦА РАСКОЛІНЫ”


Сяргей Шупа, Прага

Камунізм скончыўся больш за дзесяць гадоў таму і нават Слабадан Мілошавіч летась быў прагнаны з пасады, аднак эпоха дыктараў у Эўропе не закончылася. Аднак у адным закутку кантынэнту надалей пануе палітычнае вар’яцтва – піша Стыў Крошо ў газэце The Independent. – Складаецца ўражаньне, што ў Беларусі адзіна належны спосаб застацца пры ўладзе – гэта сфальшаваць выбары і зацкаваць – а можа й забіць – апанэнтаў. Аднак з гледзішча апазыцыі найстрашнейшае – тое, што бальшыні беларусаў няма да гэтага справы. Мала хто верыць у верагоднасьць антыпрэзыдэнцкага паўстаньня на бялградзкі ўзор. Няясна таксама, ці Ганчарык наагул выйграў бы, нават калі б Лукашэнка не фальшаваў выбараў і не цкаваў апазыцыю.

Лукашэнка пасьпяхова пашырае ідэю, што ён увасабляе сабою стабільнасьць. Адзін студэнт у размове з карэспандэнтам наракае на пасіўнасьць сваіх суграмадзянаў: «На вёсцы капаюць сваю бульбу, у горадзе закатваюць агуркі ў слоікі ды глядзяць бразыльскія мыльныя опэры, нібы ў тых мыльных опэрах вырашаецца іхны лёс».

Беларусь даўно патанае ў палітычным кансэрватызме. Лукашэнка імкнецца каб яна засталася краінай, дзе нічога не мяняецца. Але аднойчы настане пара для дэмакратыі і ў Беларусі. Аднак, здаецца, яшчэ не зараз – піша брытанская газэта The Independent.

Іншая брытанская газэта - The Times - піша пра тое, што Злучаныя Штаты ў камуністычнай Беларусі прымяняюць тактыку нікарагуанскіх «контрас» і спасылаюцца на нядаўнюю дыскусію ў газэце Guardian, дзе амбасадар Злучаных Штатаў у Менску Майкл Козак тлучыў падабенства і адрозьненьне сытуацыі ў Нікарагуа 1989-90 гадоў і ў цяперашняй Беларусі.

Швэдзкая Aftonbladet друкуе інтэрвію з кінарэжысэрам Віктарам Дашуком, які прывёз у Швэцыю свой фільм «Трусіная клетка». Мала хто сумняваеца, што Лукашэнка пераможа на выбарах, - піша швэдзкая газэта, - але на глянцы ягонай улады пачалі зьяўляцца расколіны – ад Лукашэнкі пачынае адварочвацца намэнклятура і службоўцы сілавых структураў. Дарэчы, фільм Дашука швэдзкая тэлевізія пакажа ўвечары 9 верасьня.

Пра нядзельную сустрэчу кандыдата Ганчарыка з выбарцамі паведамляюць славацкая газэта Narodna Obroda, аўстрыйская Der Standard, фінская Etela-Suomen Sanomat і польскія Rzeczpospolita і Gazeta Wyborcza. Апошняя апісвае праблемы, якія ўзьніклі ў выніку спробаў уладаў сарваць сустрэчу, арганізаваўшы на Кастрычніцкім пляцы сьвяточны кірмаш. Адзін з актывістаў штабу Ганчарыка дзеліцца ўражаньнямі: «Усё толькі пайшло нам на карысьць. Да нас прыйшлі людзі, якія нават ня ведалі пра сустрэчу. Закупіліся, зьелі па шашлыку, папілі піва, а пасьля прыйшлі паслухаць палітыкаў». І сапраўды, піша карэспандэнт Gazety Wyborczej Цэзары Галіньскі, да некалькіх тысячаў прыхільнікаў апазыцыі далучыліся людзі, абвешаныя торбамі са сьвежай капустай, салёнымі агуркамі і рыбай. З кожным глытком піва яны ўсё гучней пляскалі словам Ганчарыка пра тое, што кожны грамадзянін мае права на свой заробак пракарміць сябе й сваю сям’ю і бяз страху бралі выбарчыя ўлёткі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG