Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларуская грамадзкасьць і афіцыйныя органы правяраюць зьвесткі зь відэастужкі пра абставіны зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, на якой зьняліся супрацоўнік КГБ Угляніца і Жарнасек. Міністар Навумаў прызнае тое, што раней абвяргаў.

Падзеяй тыдня стала відэастужка, запісаная супрацоўнікам КГБ Генадзем Угляніцам і беспрацоўным Андрэем Жарнасекам і дастаўленая ў СМІ мінулым панядзелкам. Па вялікім рахунку, стужка няшмат дадала да вядомай грамадзтву інфармацыі пра зьнікненьне Ганчара і Красоўскага, але прагучала яна як стрэл.

Упершыню людзі, якія паведамлялі нешта пэўнае пра гэтае загадкавае злачынства, не хавалі сваіх твараў. Да таго ж сярод гэтых людзей быў супрацоўнік КГБ. На стужцы пераказвалі сьведчаньні СОБРаўца Мяцельскага, які нібыта чуў стрэлы, калі забівалі Ганчара з Красоўскім і потым размаўляў з тымі, хто закопваў целы забітых і іхны джып. Называлі пэўныя прозьвішчы — лейтэнант Коклін, прапаршчыкі Мурашка і Былінін, кіроўца Мекіянец. Казалі, што апэрацыяй кіраваў былы камандзір СОБРу Паўлічэнка.

Таксама на стужцы паказалі месца пахаваньня джыпа — тое месца нібыта дасьледавалі мэталашукальнікам, які паказаў наяўнасьць мэталу на глыбіні 2 мэтры. Угляніца й Жарнасек патлумачылі, чаму рассакрэцілі сябе — узьнікла пагроза іхным жыцьцям, і яны вырашылі сказаць праўду.

І вось гэтая інфармацыя прагучала, але нельга сказаць, што грамадзтву да канца зразумела, што адбылося з Ганчаром і Красоўскім, а сьледзтва наблізілася да раскрыцьця гэтай тайны. Цяпер пытаньняў больш. Лягчэй стала хіба толькі міністру ўнутраных справаў Навумаву, які з журналістамі паехаў пад Бягомль на меркаванае месца пахаваньня зьніклых, нічога не знайшоў і абвесьціў заявы Ўгляніцы і Жарнасека лухтой.

Далей падзеі разгортваліся імкліва й супярэчліва. Навумаў пагражае аўтарам стужкі крымінальнай справай за паклёп на міліцыянтаў, але КГБ раптам заявіла, што ня мае да Ўгляніцы ніякіх прэтэнзіяў і не выключае, што чэкіст трапіў у палон да невядомых "правакатараў".

Актывіст Маладога Фронту Яўген Скочка згадаў, што Ўгляніца імкнуўся разбурыць Малады Фронт. Спадар Скочка пытаецца: "Калі вы хлусілі, спадар Угляніца? Тады ці зараз?" Малады Фронт расцаніў касэту як гульню дзеля дыскрэдытацыі кампаніі па пошуку зьніклых апазыцыянэраў. І тады адгукнуліся тыя, каго ў гэтым западозрылі.

Прадстаўнік нацыяналістычнай моладзевай арганізацыі "Край" Вадзім Кабанчук заявіў, што Жарнасек і Ўгляніца дзейнічалі па пляну кіраўніцтва гэтай арганізацыі, што разам з КГБ яны выкрывалі злачынцаў. Гэтая заява канчаткова заблытала сытуацыю.

Між тым, дагэтуль невядома, дзе цяпер аўтары касэты. Угляніца быццам бы дасылае лісты праз Інтэрнэт, але на адрасаваныя яму пытаньні не адказвае. КГБ абвесьціла яго ў рэспубліканскі вышук, кажа, што задзейнічалі апэратыўныя сродкі, а ў міліцыі, сіламі якой вядзецца асноўны пошук зьніклага чалавека, пра гэта нічога ня ведаюць.

Магчыма, Угляніца і добры кансьпіратар, але тады ён вельмі жорсткі да сваякоў чалавек, бо дома ягоную тыднёвую адсутнасьць успрымаюць вельмі сур'ёзна. Вось што распавёў пра бацькоў Угляніцы ягоны цесьць Радзім Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) "Яны даведаліся толькі пазаўчора, бо часова жылі ў вёсцы. Тэлефанавалі нам, потым прыяжджалі. Нічога ня ведаюць, што зь ім здарылася. Маці плача, бо сына нідзе няма, ці жывы ён — невядома. Ведаеце, як маці заўсёды перажываюць".

Паводле словаў Гарэцкага, такія ж настроі пануюць і ў ягоным доме, дзе жыве жонка Генадзя Інэса з двума малымі дзецьмі.

І яшчэ адну падзею тыдня адзначу — гэта сустрэча жонкі Ганчара Зінаіды зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. Завершылася яна традыцыйнымі словамі пра тое, што ўлада робіць усё магчымае, каб знайсьці Віктара Ганчара, але падчас размовы высьветлілася вельмі істотная рэч. Калі Зінаіда Ганчар спыталася ў Навумава пра рапарт генэрала Лапаціка, і той прызнаў, што такі рапарт быў.

(Ганчар: ) "Каб зь ім сустрэцца, я абгрунтоўвала заяву адным: што хачу ведаць, ці сапраўды гэты дакумэнт — рапарт генэрала Лапаціка. І Навумаў мне сказаў, што такі рапарт сапраўды ёсьць", — паведаміла Зінаіда Ганчар.

Варта нагадаць, што яшчэ месяц таму на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры Ўладзімер Навумаў запэўніваў прысутных, што на ягонае імя рапарт Лапаціка ніколі не прыходзіў. Такім чынам, цяпер бачым, што генэрал ілгаў грамадзкасьці, каб схаваць праўду пра расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага.

А калі гэтак бессаромна хлусіць улада, цалкам зразумелая рэзкасьць, зь якой на яе адрас выказваецца кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Я абвінавачваю гэтую ўладу ў тым, што яна бязьдзейнічае, не адказвае за вынікі сваёй працы, што яна хлусіць свайму народу. Я зьвяртаюся да вас, спадар Лукашэнка. Чаму за ўвесь гэты час вы не запрасілі да сябе жонак і маці зьніклых людзей хаця б для таго, каб выказаць ім спачуваньне?"


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG