Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ ЗЬНІКЛЫХ ЛЮДЗЕЙ AMNESTY INTERNATIONAL НЕ ЗАБЫЛАСЯ І ПРА БЕЛАРУСЬ


Мікола Іваноў, Прага

Amnesty International адзначае, што не вядомы лёс тысячаў зьніклых у такіх краінах, як былая Югаславія, Чачэнія, Беларусь, Украіна, Турэччына і Ўзбэкістан.

“Праблема зьніклых, датычыць ня толькі чалавечых правоў саміх ахвяраў, – гаворыцца ў заяве Amnesty International, – яна падвяргае іх сем’і працяглым пакутам, якія прызнаюцца раўназначнымі катаваньням”.

“Вайна ў былой Югаславіі прынесла ў Эўропу такія парушэньні правоў чалавека, якія не сустракаліся ад часу другой сусьветнай вайны. Сярод іх шматлікія зьнікненьні людзей”.

У Беларусі, гаворыцца ў заяве Amnesty International, “праблема зьніклых” выкарыстоўваецца ўладамі для таго, каб змусіць маўчаць дзеячоў апазыцыі і незалежных журналістаў.

Каб пракамэнтаваць сёньняшнюю сытуацыю са зьніклымі людзьмі мы пазванілі ў Лёндан, дзе знаходзіцца сядзіба Amnesty International, і папрасілі экспэрта ў справах Беларусі Мэцью Прынгла даць нам кароткае інтэрвію. Мэцью Прынгл камэнтуе:

(Прынгл: ) “На прапягу апошніх двух гадоў Amnesty International не аднойчы выказвала сваю заклапочанасьць магчымымі зьнікненьнямі людзей у Беларусі. Amnesty International разглядае зьнікненьні людзей як вельмі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. Але ня толькі мы выказваем сваю заклапочанасьць. Занепакоены цэлы шэраг арганізацыяў ААН. Напрыклад, камісія ААН супроць катаваньняў і асабіста спэцыяльны дакладчык у справах катаваньняў сэр Найджэл Родлі, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы – усе яны не аднойчы выказвалі заклапочанасьць у сувязі з усімі чатырма зьнікненьнямі”.

(Карэспандэнт: ) “А ці мае Amnesty International магчымасьці ўплыву на беларускія ўлады, каб тыя нарэшце расьсьледавалі: што ці хто мог бы стаяць за зьнікненьнямі людзей?”

(Прынгл: ) “Amnesty International не аднойчы заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць усе выпадкі зьнікненьня людзей. Беларусь далучылася да шэрагу міжнародных канвэнцыяў, у прыватнасьці да канвэнцыі супроць катаваньняў. Паводле гэтай канвэнцыі, яна абавязаная расьсьледаваць усе сур’ёзныя выпадкі парушэньня правоў чалавека. Пры гэтым хутка і аб’ектыўна. Прадстаўнікі беларускай апазыцыі не аднойчы заяўлялі, што факты зьнікненьняў маюць вельмі моцны ўплыў на іх”.

(Карэспандэнт: ) “Аб тым, якую ролю могуць адыгрываць факты зьнікненьня на тле іншых падобных фактаў перасьледу экспэрт Amnesty International Мэцью Прынгл распавёў наступнае”.

(Прынгл: ) “Магчымыя зьнікненьні людзей – гэта бадай-што самыя сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, але ў Беларусі шмат іншых парушэньняў. Напрыклад, абразы і катаваньні, якія абсалютна непрымальныя і супярэчаць міжнародным законам правоў чалавека. Часта здараюцца беспадстаўныя затрыманьні мірных дэманстрантаў, якія карыстаюцца сваім правам свабоды сходаў. Усё гэта частыя зьявы беларускай рэчаіснасьці, але падкрэсьліваю: зьнікненьні людзей – самая сур’езная форма парушэньня правоў чалавека”.

(Карэспандэнт: ) “Нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасьці, у тым ліку і Amnesty International, беларускія ўлады практычна нічога ня робяць, каб расьсьледаваць факты зьнікненьняў людзей. Ці магчыма ў гэтым выпадку аўтарытэтнае міжнароднае расьсьледаваньне? Ці мог бы гэтым, напрыклад, заняцца Міжнародны суд правоў чалавека ў Гаазе ці Міжнародны Гаагскі трыбунал? Мэцью Прынгл з Amnesty International адказвае”.

(Прынгл: ) “Міжнародны Гаагскі трыбунал быў створаны для расьсьледаваньня сур’ёзных злачынстваў супроць чалавецтва, якія здарыліся ў былой Югаславіі. Там зьніклі сотні, тысячы людзей. Але мы ня можам сказаць, што зьнікненьні людзей у Беларусі менш важныя. Зьнікненьне аднаго чалавека – гэта ўжо сур’ёзна. Вельмі цяжка прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых, хто зьдзейсьніў злачынствы. Ці рабіць гэта ў Беларусі, ці ў міжнародных ворганах – дыскусійная справа. Але хто б ня быў вінаваты, галоўнае ў рэшце рэшт пасадзіць яго на лаву падсудных”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG