Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТАБ ГАНЧАРЫКА РЫХТУЕ МАСАВУЮ СУСТРЭЧУ З ВЫБАРШЧЫКАМІ 2 ВЕРАСЬНЯ НА КАСТРЫЧНІЦКАЙ ПЛОШЧЫ МЕНСКУ


Валер Каліноўскі, Менск

У апошнім выступе па Беларускім тэлебачаньні адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад апазыцыі Ўладзімер Ганчарык заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна "выступіць гарантам сапраўды справядлівых і дэмакратычных выбараў у Беларусі", зазначыўшы пры гэтым, што ён, уся пяцёрка і шырокая грамадзянская кааліцыя зьяўляюцца прыхільнікамі шырокіх інтэграцыйных сувязяў з Расеяй.

Канкурэнт Ганчарыка Сяргей Гайдукевіч палічыў, што гэта запрашэньне да кіраўніка Расеі ўмяшацца ў беларускія справы.

У штабе адзінага кандыдата так ня лічаць. Гаворыць намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Ганчарыка Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Ён не запрашаў яго ўмяшацца ў беларускую кампанію, а проста прасіў, каб той быў аб'ектыўны і каб патрабаваў, каб іншыя расейскія палітыкі, што займаюць высокія пасады, таксама былі аб'ектыўныя. Ён проста сказаў, што Расея ня можа быць зацікаўленая ў тым, каб беларуская ўлада была цалкам нелегітымная, таму што яна тады страціць легітымнага партнэра.

Пазыцыя Ганчарыка такая, што Беларусь павінна заставацца сувэрэннай дзяржавай. Ён якраз супраць умяшальніцтва ў беларускую палітыку і перадвыбарчую кампанію высокіх дзяржаўных асобаў з Расеі".

Сяргей Гайдукевіч накіраваў сёньня А.Лукашэнку віншаваньне з нагоды дня нараджэньня.

(Гайдукевіч: ) "Я яму накірую віншавальны ліст. Я ўсім пакажу, як трэба праводзіць перадвыбарчую кампанію. Накірую ліст, у якім скажу, каб ён рыхтаваўся: хутка будзе новы прэзыдэнт, рана ці позна".

А вось ад У.Ганчарыка ніякіх віншаваньняў Лукашэнку не накіравалі. У ягоным перадвыбарчым штабе зазначаюць, што Ганчарык настойвае на тэледэбатах з Лукашэнкам. Але, на думку Аляксандра Дабравольскага, спадар Лукашэнка баіцца дэбатаў, бо яму няма чаго сказаць людзям. Лукашэнка адмовіўся і ад апошняга перадвыбарчага тэлезвароту. Ён дзейнічае іначай — улады працягваюць ціск на перадвыбарчыя штабы адзінага кандыдата, сёньня гэта адбылося ў Бабруйску. Гаворыць А.Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) "Невядомыя асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі камітэту па фінансавых расьсьледаваньнях, уварваліся ў бабруйскі перадвыбарчы штаб і пачалі высьвятляць, на якіх умовах арандуецца памяшканьне. Мы вельмі добра ведаем, што ніхто нічым такім не займаецца да той пары, пакуль не даюць загад зьверху, каб перашкодзіць адзінаму кандыдату. Але я думаю, што гэта ніяк не паўплывапе на нашу дзейнасьць. Людзі працавалі і будуць працаваць, каб данесьці праўду народу".

Сам Уладзімер Ганчарык быў сёньня на Гарадзеншчыне, меў ажно пяць сустрэчаў у Наваградку, Бярозаўцы, Лідзе і Горадні. Сямён Домаш ня змог яго суправаджаць у гэтых паездках, ён яшчэ ў шпіталі, хаця стан здароўя палепшаў.

(Домаш: ) "Голас мой бадзёры, усё нармальна. Я думаю, што рана ці позна выйду і будзем разам працаваць", — сказаў Сямён Домаш са шпіталя.

Дзьмітры Верашчагін, прэсавы сакратар Уладзімера Ганчарыка, сустрэчамі на Гарадзеншчыне задаволены:

(Верашчагін: ) "Усё прайшло вельмі добра, таму што было шмат людзей і ў Наваградку, і ў Бярозаўцы. Было шмат пытаньняў, відаць, што людзі зацікаўленыя і сустрэчамі з кандыдатам, і знаёмствам зь ягонай праграмай, ягонымі прапановамі".

Цяпер жа ў штабе Ў.Ганчарыка рыхтуюцца да, відаць, самай масавай сустрэчы з выбарцамі, якая заплянаваная на 2 верасьня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што такія масавыя сустрэчы трэба ўзгадняць з гарадзкім кіраўніцтвам, і яна ўжо прапанавала, каб у гэтую справу ўмяшалася пракуратура.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG