Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў заявіў, што гэтыя пакуль яшчэ не даказаныя абвінавачаньні ды іншыя трывожныя весткі ставяць пытаньне адносна легітымнасьці наступных прэзыдэнцкіх выбараў.
Учора ў часе выступу перад журналістамі прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Рычард Боўчэр сказаў, што Вашынгтон дастаткова сур’ёзна ставіцца да паведамленьняў пра “эскадрон сьмерці”, каб дамагацца ад Менску сьледзтва ў гэтай справе:
(Баўчэр: ) “Хаця сувязь паміж зьнікненьнем вядучых пра-дэмакратычных палітыкаў цягам двух апошніх гадоў і кіраваны ўрадам “эскадрон сьмерці” яшчэ павінны быць даказаныя, мы ўспрымаем гэтыя абвінавачаньні вельмі сур’ёзна і чакаем поўнага, незалежнага і грамадзкага сьледзтва”.
Дзьве асобы, якія называюць сябе былымі супрацоўнікамі КГБ, запісалі на відэастужку, паказаную ў панядзелак расейскімі сродкамі масавай інфармацыі, паказаньні ў гэтай справе. Беларускія ж улады адмаўляюць існаваньне “эскадрону сьмерці”.
Учора ў часе выступу па тэлебачаньні Лукашэнка адкінуў паведамленьні, што ягоная служба бясьпекі ў 1999 годзе зьнішчыла двух вядучых сябраў апазыцыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Баўчэр сказаў, што Злучаныя Штаты непакояць падзеі ў Беларусі пры набліжэньні прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня.
Ён падаў доўгі сьпіс дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, якія падрываюць давер міжнароднай супольнасьці да беларускіх уладаў, якія абяцаюць, што прэзыдэнцкія выбары будуць свабодыя і справядлівыя.
У гэтым сьпісе – зьнікненьне журналістаў, закрыцьцё друкарняў, канфіскацыя газэтаў, якія распавядаюць пра кандыдатаў ад апазыцыі, і нядаўні (на гэтым тыдні) допыт і выгнаньне з краіны ў Польшчу Робэрта Філдынга – прафсаюзнага экспэрта са Злучаных Штатаў, які працаваў зь мясцовымі прафсаюзамі ў справе выбараў.
(Баўчэр: ) “Гэта толькі некаторыя прыклады таго, як рэжым Лукашэнкі рэгулярна парашкаджае выбарчаму працэсу. Такія дзеяньні могуць толькі падарваць давер міжнароднага супольніцтва да абяцаньняў беларускіх ўладаў правесьці свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары”.
Прыхільнікі галоўнага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка скардзяцца на перасьлед з боку ўладаў. Заходнія лідэры і праваабарончыя арганізацыі шырока крытыкуюць Лукашэнку за захоп улады, здушэньне іншадумства і супраціў рэфармаваньню хворай эканомікі.
Баўчэр выставіў шэраг захадаў, якія мусяць ужыць беларускія ўлады, каб гарантаваць свабодныя выбары.
(Баўчэр: ) “Мы думаем, што яны мусяць зрабіць некаторыя крокі каб паспрабаваць загарантаваць свабодныя і справядлівыя выбары. Перад усім, патрэбныя гарантыі раўнапраўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх бакоў.
Па-другое: дазволіць паўнацэнны ўдзел усім партыям у выбарчых камісіях на агульнанацыянальным і мясцовых узроўнях.
Па-трэцяе: спыніць перасьлед няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца перадвыбарчай адукацыяй насельніцтва.
І чацьвертае: дазволіць як унутраным, так і міжнародным назіральнікам весьці эфэктыўны кантроль выбараў на ўсіх выбарчых участках цягам поўных пяці дзён галасаваньня”.
Сказаў Рычард Баўчэр.
Дзяржаўны дэпартамэнт заявіў, што Беларусь ня можа разьлічваць на паляпшэньне адносінаў са Злучанымі Штатамі, калі ў ёй ня пройдуць свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары.