Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР НАВУМАЎ ПАЦЬВЕРДЗІЎ, ШТО АПУБЛІКАВАНЫ РАНЕЙ РАПАРТ ГЕНЭРАЛА ЛАПАЦІКА – САПРАЎДНЫ (!)


Любоў Лунёва, Менск

Уладзімер Навумаў абверг зьвесткі, якія распаўсюдзіў Зімоўскі ў праграме "Рэзананс" пра тое, што на Захаранку завялі крымінальную справу за крадзяжы.

Зінаіда Ганчар у прыёмным пакоі генэрала Навумава распавяла Радыё Свабода пра вынікі сустрэчы. Першае пытаньне, зь якім яна зьвярнулася да міністра Навумава, тычылася рапарту генэрала Лапаціка.

(Зінаіда Ганчар: ) "Навумаў пацьвердзіў, што рапарт сапраўды належыць Лапаціку, і што гэта адзін з фрагмэнтаў крымінальнай справы. Як ён трапіў у прэсу, Навумаў ня ведае. Усе гэтыя матэрыялы захоўваліся ў рэспубліканскай пракуратуры. Адбылася ўцечка інфармацыі.

Учора я сустракалася са сьледчым гарадзкой пракуратуры Новікавым, які вядзе справу майго мужа. Сьледчы мне казаў, што ня мае ніякіх рапартаў ці іншых дакумэнтаў. Выходзіць, што рэспубліканская пракуратура на чале з Шэйманам утойвае матэрыялы расьсьледаваньня ад гарадзкой пракуратуры. Такім чынам, яна замаруджвае работу сьледзтва. Цяпер у мяне няма сумневу, што Лукашэнка спэцыяльна прызначыў Шэймана, каб пахаваць усе гэтыя справы.

Нічога канкрэтнага пра пошукі майго мужа генэрал Навумаў мне не паведаміў. Але ўзгадаў, што ўчора апэратыўна зрэагаваў на відэакасэту, дзе Ўгляніца і Жарнасек казалі пра месцазнаходжаньне "Джыпа" Красоўскага і пра забойствы Красоўскага і Віктара. Гэта было папросту сьмешна слухаць. Я параіла міністру яшчэ разоў пяць зьезьдзіць на чарговае месца, самому пакапаць рыдлёўкай, і тады спыніліся б гэтыя правакацыйныя рэчы".

Зінаіда Ганчар дадала:

(Зінаіда Ганчар: ) "Я пацікавілася ў Навумава, хто з дэпутатаў "палаты" зьвяртаўся да яго наконт зьніклых людзей. Ён мне паведаміў, што чалавекі тры-чатыры. Я пацікавілася асабіста Навасядам, бо, памятаеце, калі ён выйшаў ад Навумава, то быў вельмі задаволены. Ён з упэўненасьцю казаў, што ўсе жывыя. Навумаў сёньня не пацьвердзіў гэтай інфармацыі.

Я лічу, што гэта гульня, скіраваная на тое, каб вывесьці ўладу з-пад удару. Гэта сьведчаньне маральнасьці цяперашняй "палаты". А Навасяд — былы сябар Аб'яднанай грамадзянскай партыі, асабіста ведаў майго мужа, і таму мне вельмі брыдка, што такія людзі ўплываюць на грамадзкую сьвядомасьць, дапамагаючы ўладам утойваць свае злачынствы".

Пляменьніца Юр'я Захаранкі Сьвятлана Скрыпчанка два месяцы намагалася трапіць на прыём да міністра ўнутраных справаў. Учора ён сам запрасіў яе на размову. Сьвятлана паведаміла Радыё Свабода:

(Скрыпчанка: ) "Спыталася: "Чаму толькі цяпер, праз два гады, ідзе нейкая імітацыя расьсьледаваньня? Чаму да Ўльяны Рыгораўны прыходзяць участковыя міліцыянты і пытаюцца: ці не за плотам хаваецца Захаранка, ці не ў Амэрыцы ён? Ён запэўніў мяне, што разьбярэцца з гэтым, але пазьней. Спаслаўся, што вельмі заняты выбарамі, і яму зараз не да гэтых справаў. Ён паабяцаў, што толькі пасьля выбараў дасьць адказы на ўсе пытаньні.

Я спыталася ў міністра Навумава наконт заяваў Зімоўскага па БТ пра крымінальную справу на Захаранку. Яго ж абвінавацілі ў нейкіх крадзяжах. Навумаў мне казаў, што гэта хлусьня. Ніякіх крымінальных справаў на Захаранку няма. А на пытаньне: чаму Зімоўскаму дазваляюць на ўсю краіну паліваць брудам чалавека — напісаў нешта ў нататніку і паабяцаў разабрацца".

І Зінаіда Ганчар, і Сьвятлана Скрыпчанка не атрымалі ад міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава адказу на галоўнае пытаньне: "Які лёс іхных блізкіх?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG