Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЯГОМЛІ ЎЛАДА НЕ АДКАЗАЛА НА ГАЛОЎНАЕ ПЫТАНЬНЕ


Ул. інф.

(Ціхановіч: ) «Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня, што відэакасэта з запісам сьведчаньняў супрацоўніка КГБ Угляніцы і сп. Жарнасека – чарговая правакацыя і прызнаўся, што асабіста даручыў міністру ўнутраных справаў Навумаву завезьці журналістаў на месца, пазначанае у касэце, і сказаў «Чаго вы дамагліся? Проста сапсавалі мне настрой і паўжыцьця аднялі». Са мной у студыі мой калега Аляксандар Лукашук і яму пытаньне – чаго дамагліся журналісты?»

(Лукашук: ) «Нямалага. Хаця б таго, што трагедыю, якую замоўчвалі, улада павінна абмяркоўваць. Першае, што прыцягвае ўвагу, – надзвычай апэратыўная рэакцыя ўлады і дэманстратыўныя запросіны журналістаў на месца пахаваньня. Гэта абсалютна нетыпова – учорашняя касэта зусім ня першая. Але раней улада пакідала ўвогуле без увагі падобныя абвінавачаньні і сьведчаньні; тыдзень таму прадстаўнік КГБ Котаў заявіў, што КГБ зусім не зацікавіла папярэдняя касэта з аналягічнымі абвінавачаньнямі.

Аднак улады захоўваюць маўчаньне, напрыклад, пра сьведчаньні палкоўніка Алкаева, які выдаваў расстрэльны пісталет палкоўніку Паўлічэнку, і заявіў у інтэрвію нямецкай газэце Франфуртэр Альгэмайнэ Цайтунг, што Лукашэнка непасрэдна стаіць за трагічнымі зьнікненьнямі. Грамадзкасьць ня ведае, ці вядзецца праверка абвінавачаньняў былых сьледчых пракуратуры Случака і Петрушкевіча.

Тое, што ў Бягомлі ня знойдзеныя машына і целы забітых, зусім не азначае, што грамадзкасьць атрымала адказы на ўсе пытаньні. Наадварот. Пытаньняў стала больш. І адно зь іх – ці ня ёсьць уся сёньняшняя паказная адкрытасьць і дэманстратыўная крыўдлівасьць толькі спробай перахапіць ініцыятыву і дыскрэдытаваць праблему зьнікненьня і, магчыма, забойстваў палітыкаў і удзелу ў гэтым вышэйшых кіраўнікоў Беларусі».

(Ціхановіч: ) «Міністар унутраных справаў Навумаў назваў сёньня гэтыя касэты «спробамі апазыцыі скампрамэтаваць уладу». Тэма перадвыбарчай кампаніі і выкрыцьці – наколькі яны зьвязаныя, наколькі абвінавачаньні сапраўды выкліканыя выбарчай кампаніяй?»

(Лукашук: ) «Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі зьніклі ня ўчора. Пры жаданьні іх пошукі ўлада магла даўно актыўна правесьці, але сёньня нават быццам завершаная справа адносна Завадзкага ніяк не патрапіць у суд. Сваякі зьніклых і іх сябры, калегі пачалі біць трывогу ад моманту іх зьнікненьня, задоўга да выбараў. Міжнародная грамадзкасьць засыпала прэзыдэнцкую адміністрацыю сваімі запытамі. Незалежны друк зьмясьціў тысячы публікацыяў. У Беларусі прайшлі сотні, можа, тысячы вулічных акцыяў у справе зьніклых, на якія ўлада рэагавала паліцэйскімі мерамі, але ніяк ня вартым даверу пошукам ісьціны. Так што абвінавачаньні зусім не выкліканыя выбарамі. Аднак выбары іх актуалізавалі – занадта страшныя пытаньні стаяць сёньня перад выбаршчыкамі».

(Ціхановіч: ) «Як, па-Вашаму, могуць разьвівацца падзеі далей?»

(Лукашук: ) «Ключавая праблема тут – праблема даверу. Стаўленьне ўлады апошнія сем гадоў да канстытуцыйнай законнасьці і крымінальнага заканадаўства разбуралі грамадзкі давер. Гэта галоўнае пытаньне. Калі беларускія ўлады насамрэч зацікаўленыя ў высьвятленьні лёсу зьніклых людзей – патрабуюцца доказы, што сёньняшняя акцыя – не паказуха ці правакацыя, і сьледзтва будзе ісьці адкрыта, апэратыўна, усебакова. Запросіны міжнародных экспэртаў, якіх ухвалілі б сваякі зьніклых, сталі б першым крокам у пабудове даверу да ўлады ў гэтай справе».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG