Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЭЦСЛУЖБЫ СПРАБУЮЦЬ ЗНАЙСЬЦІ НЕЛЕГАЛЬНЫЯ АГІТАЦЫЙНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ ГАНЧАРЫКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Апошнімі днямі ўлады ўзмацнілі ціск на актывістаў перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата. Як паведамілі ў прэсавай службе штабу Ўладзімера Ганчарыка, учора ў Берасьці людзі ў цывільным і ў масках уварваліся ў кватэру актывісткі рэгіянальнага штабу Алены Ляпешкі і пад выглядам пошуку зброі правялі ператрус, падобныя здарэньні таксама былі ў Магілёве, Клімавічах і Глыбокім.

У Глыбокім міліцыянты дзьве гадзіны трымалі ў пастарунку Зьмітра Лупача й Зьмітра Курцэвіча, сканфіскаваўшы ў іх некалькі дзясяткаў асобнікаў спэцвыпуску газэты "Наша свабода", дзе былі зьмешчаныя матэрыялы ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка. У Клімавічах затрымалі актывістку штабу адзінага кандыдата, а ў Магілёве міліцыянты нават спрабавалі сілай трапіць у памяшканьне мясцовага штабу Ганчарыка.

Міліцыя таксама прыходзіла да актывістаў дадому і спрабавала паглядзець, якія агітацыйныя матэрыялы яны трымаюць у сваіх кватэрах.

Кіраўнікі штабу адзінага кандыдата нават не сумняюцца, што сілавыя структуры маюць заданьне любым чынам знайсьці нелегальную агітацыйную прадукцыю, каб Цэнтарвыбаркам меў падставы пазбавіць Уладзімера Ганчарыка рэгістрацыі. Гаворыць кіраўніца штабу адзінага кандыдата Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Яны ведаюць сапраўдную карціну, што склалася ў Беларусі. Яны ведаюць стаўленьне большасьці насельніцтва, іхны выбар. Выбары складаюцца на нашую карысьць. Я думаю, што толькі фальсыфікацыя ім засталася, і толькі такія дзеяньні, што будуць замінаць працаваць. Толькі розныя непапулярныя захады".

Валянціна Палевікова таксама паведаміла, што Ўладзімер Ганчарык сёньня запісаў свой другі выступ на Беларускім тэлебачаньні, але яна занепакоеная, што гэты зварот да выбарцаў можа быць адцэнзураваны.

Валанцёрам, што стаяць у пікетах на вуліцах і ходзяць па кватэрах людзей, не хапае агітацыйных матэрыялаў. Паводле Палевіковай, гэта зьвязана зь мізэрнай сумай, выдаткаванай Цэнтарвыбаркамам, і спыненьнем на некалькі дзён працы друкарні "Знамение", дзе друкаваліся ўлёткі, буклеты й партрэты Ўладзімера Ганчарыка. Таму актывісты штабу вымушаныя множыць гэтыя матэрыялы на ксэраксах.

Як паведаміў кіраўнік агітацыйнай кампаніі штабу Ганчарыка Яўген Лабановіч, нягледзячы на недахоп матэрыялаў, штодня ў Менску праходзіць каля 90 пікетаў у падтрымку адзінага кандыдата. Агітацыйныя акцыі адбываюцца й ва ўсіх райцэнтрах Беларусі.

Іншы кандыдат на прэзыдэнта, Сяргей Гайдукевіч, сёньня паведаміў, што Цэнтарвыбаркам задаволіў ягоныя скаргі супраць газэтаў "Советская Белоруссия", "Народная газета" і праграмы "Панарама" БТ, якія распаўсюджвалі непраўдзівую інфармацыю. ЦВК абавязала гэтыя СМІ прадаставіць Гайдукевічу магчымасьць абвергнуць ілжывыя зьвесткі. Сам кандыдат пакуль думае, выкарыстаць гэтую магчымасьць ці не.

Гайдукевіч таксама сьцьвярджае, што нібыта магілёўская гарадзкая арганізацыя БНФ ледзь ня ў поўным складзе прыняла рашэньне пачаць працу ў ягоным перадвыбарчым штабе. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка назваў распаўсюджаную Гайдукевічам інфармацыю хлусьнёй і правакацыяй.

Я таксама спрабаваў высьветліць, чым займаецца штаб кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, але безвынікова. Ахоўнік і сакратарка сказалі, што ў штабе нікога няма, а на ўсе пытаньні можа адказаць толькі кіраўнік Мікалай Чаргінец, які выехаў некуды ў рэгіёны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG