Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ АРЫШТОЎВАЮЦЬ ТОЛЬКІ ЗА ЗАКЛІКІ ПРЫЙСЬЦІ НА ВЫБАРЫ І ПРАГАЛАСАВАЦЬ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Акцыя сяброў Маладога Фронту ладзілася ў рамках выбарчай агітацыйнай кампаніі і ейныя ўдзельнікі не агітавалі за нейкага канкрэтнага кандыдата, а папросту раздавалі ўлёткі з заклікам да новапалачанаў прыйсьці 9 верасьня на выбарчыя ўчасткі.

Маладафронтаўцы ішлі па галоўнай гарадзкой вуліцы і былі з усіх бакоў аточаныя работнікамі міліцыі. Прычым, затрыманьне нагадвала аблаву, бо міліцыянты пад’ехалі адразу на трох машынах. У пастарунак завезьлі пяць мясцовых маладафронтаўцаў, у тым ліку і адну дзяўчыну — Веру Ліпскую, а таксама аднаго грамадзяніна Польшчы, які апынуўся сярод удзельнікаў акцыі выпадкова: малады паляк падышоў да сваіх аднагодкаў, каб узяць на памяць улётку, і быў затрыманы.

У пастарунку кіраўнік акцыі Віктар Якубаў выказаў пратэст у сувязі з затрыманьнем, спаслаўшыся на тое, што ўлёткі раздаваліся ў рамках агітацыйнай выбарчай кампаніі і пачуў у адказ, што на тое патрэбны дазвол мясцовых уладаў і што агітацыйная кампанія праводзіцца, як было сказана, на амэрыканскія грошы, а таму міліцыя вымушаная супрацьдзеяць антыдзяржаўнай дзейнасьці.

Пасьля прафіляктычнай гутаркі міліцыянты прагледзелі асабістыя дакумэнты затрыманых і, даведаўшыся, што сярод іх ёсьць адзін іншаземец, усіх адпусьцілі да хаты, ня склаўшы пратаколу. Малады паляк — ён прасіў не называць ягонага прозьвішча — паведаміў потым маладафронтаўцам, што зьяжджае зь Беларусі поўны ўражаньняў: ён ня мог нават уявіць, што ў Эўропе ёсьць мясьціна, дзе людзей бяз дай прычыны могуць узяць за каршэнь і завезьці ў пастарунак дзеля прафіляктычнай гутаркі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG