Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ – КАНФІСКУЮЦЬ УЖО МАЙКІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Раніцай 25 жніўня па дарозе з працы да хаты віцебскія міліцыянты затрымалі рэдактара недзяржаўнае газэты "Витебские деловые новости" Ігара Несьцерава. Паводле ягонага аповеду, а сёмай раніцы проста на вуліцы да яго зьвярнуўся незнаёмы чалавек у цывільным, які папрасіў зараз жа зайсьці ў Пакроўскую царкву дзеля пільнай размовы з айцом Уладзімерам. Але ў царкве спадара Несьцерава ніхто не чакаў, а ў адказ на роспыты пра сьвятара царкоўны ахоўнік выклікаў міліцыю.

Два дні Ігар Несьцераў правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Пратэстуючы супраць незаконных дзеяньняў міліцыі, ён мусіў нават абвясьціць сухую галадоўку, бо яму не дазвалялі ні паведаміць пра затрыманьне сваякам, ні выклікаць адваката, ні напісаць скаргу пракурору.

Апроч гэтага, спадара Несьцерава міліцыянты моцна зьбілі, пра гэта ёсьць адпаведнае заключэньне мэдэкспэртызы. У ім засьведчана і тое, што Ігар Несьцераў быў цьвярозы. Тым ня менш, падчас сёньняшняга судовага працэсу ў Кастрычніцкім раённым судзе карныя органы спрабавалі прадставіць справу Несьцерава як звачайны хуліганскі ўчынак — п'яны дэбош у царкве. Пратаколу аб затрыманьні ў судовых дакумэнтах проста не было.

Пасьля судовага паседжаньня Ігар Несьцераў паведаміў журналістам, што на момант затрыманьня меў пры сабе цьвёрды дыск з рэдакцыйнага кампутара, на якім былі матэрыялы апошняга нумара "Витебских деловых новостей". Гэта й магло зацікавіць адпаведныя органы — там былі заплянаваныя да друку матэрыялы пра кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду Ўладзімера Ганчарыка. Наклад таго нумара "ВДН" меркавалася павялічыць у 10 разоў. Суд над Ігарам Несьцеравым пакуль што адклалі.

26 жніўня міліцыянты наладзілі ператрус у прыватнай хаце жыхаркі вёскі Койтанава Віцебскага раёну Марыі Ігнаценкі, маці сябра перадвыбарчага штабу Ў.Ганчарыка ў Віцебску Васіля Ігнаценкі. Ніводзін з удзельнікаў ператрусу не паказаў гаспадыні свайго пасьведчаньня і не прадставіў адпаведнае пракурорскае санкцыі. Міліцыянты вынесьлі з хаты 50 пакункаў з майкамі, на якіх меўся надпіс "Скажи дураку нет!"

У гэты самы дзень сябар КХП БНФ Раман Салаўян ды маладафронтавец Андрэй Капорыкаў правялі індывідуальны "Марш незалежнасьці". Яны прайшлі пад бел-чырвона-белым сьцягам каля 10 км ад вескі Зайцава да цэнтру Віцебску. У дарозе іх сустракалі ня толькі зацікаўленыя мінакі, але й спагадныя супрацоўнікі АМОНу, якія заявілі, што таксама падзяляюць апазыцыйныя меркаваньні, ды дазволілі бесьперашкодна завяршыць акцыю.

Але ўжо сёньня амонаўцы ізноў затрымалі ў цэнтры Віцебску ля Сіняга дому сябра КХП БНФ Уладзімера Плешчанку, які трымаў плякат "Галасуйце супраць усіх! Праз 3 месяцы будуць паўторныя выбары без Лукашэнкі!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG