Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"МЭДЖЫК" ПАЧАЎ ДРУКАВАЦЬ НЕЗАЛЕЖНУЮ ПРЭСУ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ўдзень у прыватную друкарню "Мэджык" улады прыслалі спэцыяльных сабак, якія абнюхвалі памяшканьне. Супрацоўнікі друкарні адразу зразумелі, што да іх плянуе прыехаць сам Аляксандар Лукашэнка. Аднак той так і не зьявіўся ў "Мэджыку".

Пасьля сабакаў у друкарню прыйшлі асабістыя Лукашэнкавы тэлеапэратар і фотакарэспандэнтка, потым старшыня Дзяржаўнага камітэту друку Міхаіл Падгайны й першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Ўладзімер Замяталін.

Спадар Замяталін пахадзіў ля друкарскіх станкоў і заўважыў машыну, якая даўно не працуе. "Гэта ім Фонд Сорасу перадаў, ужо год не працуе", — патлумачыў шэф Дзяржкамдруку.— "Чаму год? Ужо больш", — зь відавочным задавальненьнем зазначыў Замяталін і зьехаў.

Застаўся толькі галоўны Лукашэнкаў памочнік Уладзімер Макей, які распытваў рабочых друкарні "Мэджык" пра тое, што ды як яны робяць. На маё пытаньне, навошта яго накіраваў сюды Аляксандар Лукашэнка, спадар Макей адказаў:

(Макей: ) "Чаму накіраваў? Таму што трэба, напэўна, даведацца больш падрабязна аб сытуацыі, якая тут складваецца, і каб можна было даць яму справаздачу адпаведную".

(Карэспандэнт: ) "Якую справаздачу Вы будзеце даваць?"

(Макей: ) "Я пакуль што з інфармацыйнай місіяй".

(Карэспандэнт: ) "А хто вырашаў, што можна пусьціць станок?"

(Макей: ) "Трэба зьвярнуцца да адпаведных, кампэтэнтных органаў".

Уладзімер Макей размаўляў з рабочымі друкарні на фоне сьвежага нумару газэты "Рабочы", на апошняй старонцы якога зьмешчаная выява Аляксандра Лукашэнкі з надпісам: "Я вас умаляю" і тэкстам ніжэй: "Мой народ! Прашу сярдзечна На пяць лет (а там навечна) Выдаць мне яшчэ мандат. Ваш любімы кандідат".

Гэтая агітацыя, а мо й надрукаваная на першай паласе "Рабочага" перадвыбарчая праграма Ўладзімера Ганчарыка прыцягнулі ўвагу Лукашэнкавага асабістага тэлеапэратара, які іх зацікаўлена чытаў.

А дырэктар "Мэджыку" Юры Будзько сказаў, што шкадуе з прычыны непрыезду Аляксандра Лукашэнкі. Мажліва, спадар Будзько спадзяваўся разьвязаць іншыя, больш значныя праблемы сваёй друкарні.

(Будзько: ) "Газэты могуць выходзіць, і гэта ўжо добра. Але ўсе праверкі працягваюцца, і праверкі больш чым сур'ёзныя".

Юры Будзько з друкарні накіраваўся адразу ў гаспадарчы суд, дзе сёньня зноў разглядалі справу "Мэджыку". На думку дырэктара, гэтай друкарні могуць прысудзіць буйны штраф.

Пакуль жа "Мэджык" вярнуўся у свой звычайны працоўны рытм. Друкуюцца першыя асобнікі заўтрашняга нумару газэты "Народная воля". Друкарня "Мэджык" нарэшце запрацавала на поўную магутнасьць.

Дарэчы, нумар "Народнае волі" за 28 жніўня адкрываецца лістом галоўнага рэдактара Іосіфа Сярэдзіча пад загалоўкам "Наезд!". Падзеі вакол апячатаньня друкарні "Мэджык" спадар Сярэдзіч камэнтуе гэтак: "Адбыўся чарговы наезд на свабоду слова, на нашыя і вашыя, паважаныя чытачы, правы. Рэжым у агоніі, і любое слова праўды зьяўляецца для яго сьмяротным прыгаворам. Вось чаму ён з апошніх высілкаў імкнецца задушыць незалежныя сродкі масавай інфармацыі".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG