Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЯК ВЫ МОЖАЦЕ ПАРАЎНОЎВАЦЬ ВЯЧАСЛАВА ФРАНЦАВІЧА ЗЬ ЦЯПЕРАШНІМ ПРАВІЦЕЛЕМ…” ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

Сярод багатай пошты апошніх дзён, прысьвечанай пераважна тэме выбараў, вылучу ліст, які даслаў нам Зьміцер Сівеня зь вёскі Жытлін Івацэвіцкага раёну. Гэта адзін з тых нямногіх лістоў апошняга часу, у якіх наўпрост не абмяркоўваецца выбарчая праблема.

Зьміцер проста распавёў пра сваё паўсядзённае жыцьцё. Але якраз гэтыя некалькі дэталяў побыту далёкай палескай вёскі, на маю думку, даюць дзеля разуменьня цяперашняй беларускай сытуацыі шмат больш, чым многія палітычныя маніфэсты. Зьміцер піша:

"Вашы перадачы слухаю вельмі часта. Слухаць штодзённа, на жаль, не дазваляе праца. Працую я ў мясцовым калгасе імя Чарткова апэратарам машыннага даеньня. Маю ў групе 46 кароў, даю ледзь не 400 кіляграмаў малака ў суткі. Ды яшчэ гадуем цялятак да двухмесячнага ўзросту (бывае, што і да 10-15 галоў). А заробак — усяго 30-40 тысяч.

Як выжыць? Трымаем на дваіх з бабуляй вялікую гаспадарку. Так з тае гаспадаркі і бабулінай пэнсіі і жывем.

А я да таго ж яшчэ завочна вучуся ў пэдунівэрсытэце, на факультэце беларускай філялёгіі і культуры.

Ці так павінна быць у нармальным грамадзтве, каб малады хлопец працаваў ды жыў бы на бабуліну пэнсію? Майго ж гадавога заробку ледзь хапае, каб езьдзіць на сэсіі ды апранацца. Каб не дапамога менскай сям'і шчырых людзей — Карпуці Валянціна Вікенцевіча і Багданкевіч Сьвятланы Мікалаеўны — я ня змог бы вучыцца.

Пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году я адчуваў сябе так, нібы мяне па галаве ўдарылі. І пачуваўся так да таго часу, пакуль не даведаўся, што існуе беларуская служба Радыё Свабода", — напісаў Зьміцер Сівеня зь вёскі Жытлін Івацэвіцкага раёну.

Даіць кароў у калгасе — праца цяжкая. Устань на досьвітку, пацягай цяжкія бідоны ды мяхі з камбікормам, выкінь гной… Нават у савецкі час добрай даярцы на фэрме плацілі ўтрая больш, чым інжынэру ў горадзе.

Ня думаю, што Зьміцер і ягоныя равесьнікі за гэтыя грошы доўга там застануцца. 30-40 тысяч беларускіх рублёў заробку ў сёньняшнім калгасе — гэта, на маю думку, прысуд калгаснай сыстэме і тым, хто яе абараняе.

Мікола Кантушэвіч з Лагойску не задаволены тым, што ў адной з праграмаў я распавядаў пра падабенства выбарчых кампаніяў Вячаслава Кебіча ў 1994 годзе і Аляксандра Лукашэнкі сёлета. Спадар Кантушэвіч піша:

"Ваш камэнтар лістоў на Свабоду, спадар Жданко, не зусім аб’ектыўны. Вось вы кажаце: Кебіч калісьці таксама зьбіраў кампрамат на Лукашэнку, і гэта Кебічу не дапамагло. Але як вы можаце параўноўваць Вячаслава Францавіча зь цяперашнім правіцелем? Палітычныя апанэнты Кебіча не зьнікалі, як зьніклі Ганчар ці Захаранка. Кебіч ня кідаў сваіх супернікаў у турму, як кінуў Лукашэнка Лявонава, Клімава, Кудзінава, Старавойтава.

Якое тут можа быць параўнаньне зь Вячаславам Францавічам? Ці не памагаты Лукашэнкі ты, спадар Жданко?

Вось я, інвалід 2-й групы, раней, пры Кебічы й Шушкевічы, рэгулярна на льготных умовах атрымліваў спэцтранспарт. А Лукашэнка гэтае права ў мяне адабраў. Ён зрабіў так, што мая чарга на машыну з ручным кіраваньнем надыдзе праз 10 гадоў — гэта калі я ўжо буду ў магіле. Поўзай, інвалід, як можаш.

А гэта таму, што інвалід ня можа абараніць сябе. І, ведаеце, ня ўсе інваліды гэта разумеюць. Некаторыя думаюць, што так і трэба", — напісаў Мікола Кантушэвіч з Лагойску Менскай вобласьці.

Я, спадар Кантушэвіч, параўноўваў не палітыку Кебіча й Лукашэнкі, ня вынікі іхнага кіраваньня, а выключна мэтады перадвыбарчай барацьбы, спробы ачарніць апанэнтаў, не дапусьціць іх да дзяржаўнага тэлебачаньня. Мэтады гэтыя падобныя. Магчыма, і таму, што прапагандысцкай кампаніяй Лукашэнкі кіруе той самы Замяталін, які кіраваў прапагандай Кебіча сем гадоў таму.

Лілія Сазанавец — у нядаўнім мінулым актывістка беларускай апазыцыі, а цяпер жыхарка гораду Брэдфарду, што ў Вялікабрытаніі, піша:

"Зараз усе лямантуюць, што Зянон Пазьняк — гэта не апазыцыя, гэта ўсяго толькі эмігрант. Апазыцыяй сталі Ганчарык, Домаш, Лявонаў, нават Ціцянкоў, які ўласнымі рукамі разадраў на кавалкі бел-чырвона-белы сьцяг. А дзе былі гэтыя "апазыцыянэры", калі Зянон Пазьняк ды ягоныя паплечнікі, моцна пабраўшыся за рукі, стаялі супраць ашчэраных аўтаматамі міліцыянтаў на Курапатах ды маліліся за душы замардаваных бальшавікамі ахвяраў?

Спадар Домаш сядзеў у скураным крэсьле старшыні лідзкага гарвыканкаму. Калі б Курапаты былі блізу Ліды, ён, безумоўна, таксама паслаў бы супраць апазыцыянэраў тых жа ўзброеных міліцыянтаў.

Спадар Ганчарык ужо каторы год кіраваў прафсаюзамі, разьмяркоўваў, каго паслаць на адпачынак у элітны санаторый, а з каго толькі прафсаюзныя складкі зьдзіраць. Ён жа браў самы актыўны ўдзел у паседжаньнях ЦК КПБ. Там ужо пытаньні вырашалі больш сур'ёзныя — напрыклад, ці пасылаць беларускіх хлопцаў гінуць у Аўганістан. "Безумоўна, пасылаць", — лічыў будучы "апазыцыянэр" спадар Ганчарык".

Спадарыня Сазанавец таксама згадвае эпізод 25 лютага 1999 году, калі ў Палацы прафсаюзаў мела адбыцца паседжаньне цэнтральнай выбарчай камісіі пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара. Але нечакана стала вядома, што ў будынак апазыцыянэраў ня пусьцяць. "Такі загад, — піша Лілія Сазанавец, — аддаў Ганчарык, які адмовіўся дапамагаць дэмакратыі, бо тыя выбары прызначыў не Лукашэнка".

У вашым лісьце, спадарыня Сазанавец, мяне найбольш засмуціла безапэляцыйнасьць і бяздоказнасьць высноваў. У вас няма сумневу, што Домаш кінуў бы міліцыянтаў супраць дэманстрантаў, а Ганчарык, паводле вашых словаў, лічыў, што беларускіх хлопцаў трэба пасылаць гінуць у Аўганістан. (Дарэчы, адкуль вы ўзялі, што ў ЦК КПБ вырашалі пытаньне, куды пасылаць ваяваць беларускіх хлопцаў. Беларусь у складзе савецкай імпэрыі такога права ня мела — усё тады вырашала Масква.)

Але гэта — між іншым. У вашым жа лісьце я знайшоў адзіны доказ усіх вашых вельмі сур’ёзных абвінавачаньняў. Вы пішаце: "Усе яны (гэта значыць, Ганчарык, Домаш, Лявонаў) мала адрозьніваюцца ад Лукашэнкі, бо выгадаваныя той жа самай маці — камуністычнай партыяй".

Іхнай біяграфіі, іхнага кампартыйнага мінулага для вас дастаткова, каб ня верыць у іхныя дэмакратычныя погляды, а верыць у тое, што яны гатовыя ўчыніць любыя злачынствы супраць дэмакратыі й незалежнасьці Беларусі.

Анкета, біяграфічная даведка — ня надта аб’ектыўнае люстэрка асабістых якасьцяў і вартасьцяў чалавека. Цяжка ўявіць, якім быў бы лёс дэмакратычных пераўтварэньняў у Савецкім Саюзе без высокіх кампартыйных функцыянэраў Гарбачова, Якаўлева, Ельцына.

У той жа час анкета Лукашэнкі, калі зыходзіць з вашых, спадарыня Сазанавец, крытэраў дэмакратызму — даволі чыстая. Высокіх пасадаў у партыйных органах не займаў. У Шклоўскім райкаме адзінае, што яму даверылі, — пасаду лектара таварыства "Веды". Іншае пытаньне — чаму яго не дапускалі да высокіх кіраўнічых пасадаў у той час.

Настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну таксама, як і спадарыня Сазанавец, прыхільнік Зянона Пазьняка. Але да сёньняшняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі ставіцца па-іншаму. Ён піша:

"Калі тут, у дапатопнай, забітай ды ўшчэнт ачмуранай бальшавікамі калгасна-саўгаснай вёсцы я штодня чую, што на маёй роднай Беларусі ўсяго адзін разумны, усім вядомы чалавек (і, вядома ж, палітык) — дык мяне ад абурэньня адразу ж разьбірае злосьць.

Сапраўдны палітык ня той, хто ўсяляк падладжваецца, паддобрываецца да выбаршчыкаў ды патурае іх безразважным, беспадстаўным прыхамацям. Сапраўдны — той, які заўсёды арыентуе свой народ на як мага больш годны, прыстойны ды цывілізаваны лад жыцьця; для якога Незалежнасьць краіны — гэта неацэнны Божы дар, сьвяты недатыкальны скарб, які ніколі, ні на што і ні пры якіх абставінах не разьменьваецца".

Эталёнам для сябе спадар Ляскоўскі лічыць, як ён піша, "неардынарную постаць шаноўнага Зянона Станіслававіча Пазьняка". Але ўсьведамляе, што сёньня большасьць беларусаў за яго галасаваць не зьбіраюцца. Таму спадар Ляскоўскі ўскладае надзею на Ўладзімера Ганчарыка і Сямёна Домаша.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Георгі Паўлаў зь Берасьця, Юры Гіль зь Вільні, Уладзімер Вягера з Горадні і Міхаіл Калтуноў зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG