Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК У БЕРАСЬЦІ ЗАЯВІЎ, ШТО Ў БЛІЖЭЙШЫ ЧАС НА РАСЕЙСКАЙ ТЭЛЕВІЗІІ ЗЬЯВЯЦЦА НОВЫЯ ЗЬВЕСТКІ ПРА ЗЬНІКЛЫХ


Алег Супрунюк, Берасьце

Позна ўвечары 24 жнiўня ў будынку абласнога аб'яднаньня прафсаюзаў скончылася першая сустрэча Ўладзiмера Ганчарыка з выбаршчыкамi Берасьця. Малая частка тых, хто прыйшоў паслухаць выступ кандыдата на пасаду прэзыдэнта Беларусi, здолелi трапiць у залю: месцы ў ёй былi занятыя яшчэ да прыезду спадара Ганчарыка.

Падобная сытуацыя склалася i сёньня, калi сустрэча з выбаршчыкамi ладзiлася ў абласным Палацы культуры прафсаюзаў. Актывiсты мясцовага штабу Ўладзiмера Ганчарыка кажуць, што прадбачылi такую цiкавасьць да гэтых мерапрыемстваў i зьвярталiся да берасьцейскiх уладаў з прапановай правесьцi сустрэчы на адкрытых пляцоўках – напрыклад, на стадыёнах. Але адказныя чыноўнiкi "вэртыкалi" заявiлi, што па дазвол на правядзеньне масавых акцыяў трэба зьвяртацца ва ўстаноўлены тэрмiн – за 15 дзён да правядзеньня мерапрыемства. Зразумела, што заплянаваць гэты візыт Ўладзiмера Ганчарыка ў Берасьце яшчэ да моманту яго рэгiстрацыi ў якасьцi кандыдата на прэзыдэнты было немагчыма.

Падчас сустрэчаў спадар Ганчарык адказваў на шматлiкiя пытаньнi выбаршчыкаў, што тычылiся самых разнастайных тэмаў – ад узаемадносiн з палiтычнымi партыямi i стаўленьня да прыватнага сэктару эканомiкi да асабiстых захапленьняў i адносiнаў да рэлiгii. Уладзiмер Ганчарык некалькi разоў зьвяртаўся да тэмы зьнiкненьня вядомых на Беларусi людзей. Мяркуючы па рэакцыi выбаршчыкаў, што прыходзiлi на сустрэчы з кандыдатам на прэзыдэнта, шмат хто зь iх ня вядаў пра iснаваньне дакумэнтаў на гэты конт, якiя былi агучаныя Ганчарыкам. Ён таксама запэўнiў, што ў блiжэйшы час зьявяцца новыя сьведчаньнi ў справе зьнiклых палiтыкаў: яны будуць агучаныя па расейскiм тэлебачаньнi.

Спадар Ганчарык i яго давераныя асобы заклiкалi берасьцейцаў прыйсцi на выбарчыя ўчасткi менавiта 9 верасьня, каб пазбавiць цяперашнi рэжым магчымасьцяў для масавай фальсыфiкацыi вынiкаў галасаваньня. Аб сваiх ўражаньнях ад сустрэчаў на Берасьцейшчыне Ўладзiмер Ганчарык распавёў Радыё Свабода:

(Ганчарык: ) "У мяне самыя добрыя ўражаньнi ад сустрэчаў, што прайшлi. Галоўнае, што мяне задавальняе – вельмi вялiкi iнтарэс да ўсяго, што адбываецца на Беларусi. Я раблю выснову, што прапаганда, якую вядзе Лукашэнка, прымушае людзей задумацца – што адбываецца з гэтай хлусьнёй i падманам. Я думаю, што ўсё больш людзей будзе галасаваць супраць такой палiтыкi i сыстэмы, якая, на жаль, склалася ў нашым грамадзтве i дзяржаве".

Сёньня Ўладзiмер Ганчарык таксама наведаў Баранавiчы, дзе адбылася сустрэча зь мясцовымi выбаршчыкамi.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG