Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДУЦЬ ТЭЛЕДЭБАТЫ ПАМІЖ ЛУКАШЭНКАМ Й ГАНЧАРЫКАМ?


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Ганчарык прапануе выкарыстаць для тэледэбатаў час, які ён зэканоміў, а таксама час, што застаўся пасьля зьняцьця кандыдатуры Сямёна Домаша, і час Аляксандра Лукашэнкі. Апошні адмовіўся выкарыстоўваць свой час ня толькі на тэлебачаньні, але й на радыё.

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Барысевіч паведаміў Свабодзе, што Аляксандар Лукашэнка не адмаўляецца ад тэледэбатаў, але фармальна такой прапановы не паступала. Але найлепш па такі камэнтар зьвяртацца ў перадвыбарчы штаб спадара Лукашэнкі, — параіў Мікалай Барысевіч. Аднак у гэтым штабе ніхто, апрача Мікалая Чаргінца, не адважваецца камэнтаваць сытуацыю, а самога Чаргінца няма на месцы.

Незалежныя палітыкі мяркуюць, што Аляксандар Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не пагодзіцца на тэледэбаты з Ганчарыкам. Гаворыць палітоляг Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Не, упэўнены, што тэледэбатаў ня будзе, Лукашэнка ня пойдзе на дыскусію нават у запісе, ня тое што ў жывым эфіры. Ён добра ведае, што такое дыскусія па тых прэзыдэнцкіх выбарах, якія выйграў. Ня пойдзе ён проста на яе, баіцца".

Журналіст Аляксандар Старыкевіч таксама мяркуе, што верагоднасьць згоды Аляксандра Лукашэнкі на тэледэбаты з Уладзімерам Ганчарыкам малая, але не выключае гэткай магчымасьці цалкам:

(Старыкевіч: ) "Верагоднасьць, я думаю, досыць невялікая. Скажам так: хутчэй не, чым так. Бо Лукашэнка па-сапраўднаму ўмее працаваць толькі ў рэжыме маналёгу. Хаця са зразумелых прычынаў Лукашэнка больш упэўнена адчувае сябе на тэлеэкране, і таму ён можа ў прынцыпе рызыкнуць, разьлічваючы на тое, што Ганчарык, у якога такога досьведу зьяўленьня ў эфіры няма, будзе выглядаць на ягоным фоне непераканаўча".

Аляксей Кароль мяркуе, што адмова Лукашэнкі ад праграмных выступаў па БТ і радыё — гэта піараўскі ход, паколькі эфіру і без таго ён мае дастаткова. Гэта сьведчыць пра тое, што праграмныя пазыцыі ў Лукашэнкі слабыя, але кампанія арганізаваная добра, мяркуе Аляксей Кароль.

(Кароль: ) "Думаю, што тут ёсьць уплыў мэнэджэраў і паліттэхнолягаў, ня ведаю якіх, хутчэй за ўсё з Расеі. Яны максымум выкарыстоўваюць з таго, што ёсьць, і гэтая кампанія носіць адценьне, вялікае адценьне чорнай піар-кампаніі".

У Аляксея Караля пазытыўнае ўражаньне ад першых перадвыбарчых выступаў і праграмных заяваў Уладзімера Ганчарыка:

(Кароль: ) "Добрую знайшлі і форму падачы — гэта тыповыя пытаньні зь пісьмаў — і дастаткова свабодна выказаная. Зьмест нармальны, ён ня ёсьць абяцанкаю пэўных цудаў і паляпшэньня жыцьця адразу, ён і рэалістычны, і разам з тым улічвае чаканьні й настроі насельніцтва".

Сёньня у газэце "Советская Белоруссия" павінны былі надрукаваць праграму Ўладзімера Ганчарыка, але не надрукавалі. Чаму? Паведамляе Аляксандар Старыкевіч, які каардынуе працу прэсавай службы адзінага кандыдата ад апазыцыі:

(Старыкевіч: ) "Аляксандар Лукашэнка парушыў выбарчае заканадаўства і надрукаваў сваю праграму ў значна большым памеры, чым прадугледжвалася пастановай ЦВК. Таму яны, каб неяк выйсьці з гэтай сытуацыі, прапанавалі, каб праграма Ганчарыка таксама выйшла аб'ёмам 14 тысяч знакаў. Ясна, што гэтыя 5 тысяч знакаў трэба яшчэ дапісаць, узгадніць, а кандыдат увесь час у паездках".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG