Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАНАГА СЯБРА “ЗУБРА” ПРАТРЫМАЛІ Ў МЕНСКІМ ПАСТАРУНКУ ЎСЮ НОЧ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня зранку перад будынкам Савецкага суду сабраліся больш як дзьве сотні зуброўцаў, каб выказаць сваю салідарнасьць зь Ігарам Сюльдам.

Учора ўвечары міліцыянты Савецкага раённага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менску затрымалі яго разам зь яшчэ дзесяцьцю непаўнагадовымі сябрамі "Зубру" ў політэхнічнай гімназіі.

Там праходзіла сустрэча намесьніка старшыні адміністрацыі Савецкага раёну Людмілы Шапай з жыхарамі раёну, і супрацоўнікі міліцыі вырашылі, што юнакі ў футболках "Час выбіраць" могуць сарваць мерапрыемства.

Аляксандар Буёк, які быў разам зь іншымі затрыманымі, распавёў Радыё Свабода:

(Буёк: ) "Усіх маладых сталі забіраць у РАУС. Сюльда затрымалі, бо ў яго знайшлі налепкі й газэты "Наша свабода".

Некалькі дзясяткаў юнакоў у чаканьні Ігара Сюльда разьмесьціліся на газоне перад будынкам суду. Міліцыянты, памятаючы пра нядаўняе перакрыцьцё праезнай часткі, выклікалі два мікрааўтобусы з амонаўцамі. Тыя абмежаваліся назіраньнем за моладзю, пакуль не прывезьлі Ігара. Усё абышлося без сутычак з праваахоўнікамі. Паплечнікі сустрэлі Ігара воплескамі.

Судзьдзя Руслан Казадаеў апытаў маёра Ўсачова і маёра Скабея. Яны сьцьвярджалі, што склалі пратакол на Ігара Сюльда за дробнае хуліганства — маўляў, ён парушаў грамадзкі парадак, бо меў налепкі з выявай зубра ў штодзёньніку і некалькі асобнікаў "Нашай свабоды".

Судзьдзя вырашыў дапытаць яшчэ аднаго сьведку з боку міліцыі й таму перанёс вынясеньне прысуду на заўтра.

Сам Ігар Сюльд сказаў Радыё Свабода:

(Сюльд: ) "Тое, што казалі супрацоўнікі міліцыі ў судзе — цалкам хлусьня. Мяне затрымалі толькі за футболку. У міліцыі высьветлілася, што з усіх затрыманых я адзіны паўнагадовы. Акрамя таго, у мяне знайшлі налепкі. У разьмеркавальніку на Акрэсьціна да мяне ставіліся вельмі добра. Мы размаўлялі добразычліва. Мне прапанавалі паесьці, але я не пагадзіўся ні піць, ні есьці пакуль мяне ня выпусьцяць на волю".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG