А 16-й гадзіне да прахадной Салігорскага ліцейна-мэханічнага заводу прыбыў узмоцнены нарад міліцыі на чале з начальнікам гарадзкога аддзелу МУС Анатолем Нізкім.
Якраз у гэты час тут адбывалася сустрэча Ўладзімера Ганчарыка з працаўнікамі прадпрыемства. Міліцэйскі начальнік загадаў прысутным разысьціся, а сустрэчу ён назваў "несанкцыянаваным сходам". Уладзімер Ганчарык паведаміў палкоўніку Нізкаму аб правамоцнасьці сваіх дзеяньняў, якія адпавядаюць Выбарчаму кодэксу.
Гэтую сустрэчу заплянавалі яшчэ некалькі дзён таму. Адміністрацыя заводу пагадзілася, каб Ганчарык сустрэўся з рабочымі ды інжынэрна-тэхнічным пэрсаналам на тэрыторыі прадпрыемства. Кіраўніцтва заводу прапанавала апанэнту Аляксандру Лукашэнкі актавую залю для сустрэчы. Аднак жа калі Ўладзімер Ганчарык у прызначаны час зьявіўся на прадпрыемстве, старшыня прафкаму Валеры Казела паведаміў, што адміністрацыя заводу зьмяніла рашэньне — пад ціскам гарадзкой выбарчай камісіі Салігорску.
Кіраўнік салігорскага аддзяленьня выбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка Сяргей Кацяк паспрабаваў высьветліць матывы выбарчай камісіі, якая пастанавіла не пускаць спадара Ганчарыка на ліцейны завод. Старшыня камісіі Васіль Жукоўскі адмовіўся патлумачыць прычыны адмовы.
Як стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, выступ адзінага кандыдата ад грамадзянскай кааліцыі сарвалі на ініцыятыву салігорскага гарвыканкаму.
Працаўнікі прадпрыемства абурыліся дзеяньнямі міліцыянтаў. Людзі задалі Ганчарыку шмат пытаньняў пра будучыню Беларусі ў выпадку ягонай перамогі на выбарах — адказаў жа атрымаць яны не пасьпелі.
Сам жа кандыдат на прэзыдэнта даў нашаму радыё камэнтар пра дзеяньні ўладаў у Салігорску — ён лічыць іх нецывілізаванымі. І гэта стала магчыма толькі таму, што ўладу ў асобе Аляксандра Лукашэнкі вельмі пужае пройгрыш на выбарах 9 верасьня, — мяркуе Ўладзімер Ганчарык.