Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДА БНР І ПРЭЗЫДЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Ганна Сурмач, Прага

У гэтыя дні, напярэдадні лёсавай для Беларусі падзеі – выбараў новага прэзыдэнта – варта азірнуцца ў мінулае.

У сьнежні 1917 году пасьля развалу Расейскай імпэрыі дэмакратычна абраныя ўсім беларускім народам дэлегаты сабраліся ў Менску на Ўсебеларускі зьезд, там была выказаная ідэя незалежнасьці, якая хутка рэалізавалася ў жыцьцё, калі 25 сакавіка 1918 г. была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Потым БНР была зьнішчана бальшавікамі, а яе Рада мусіла адыйсьці ў эміграцыю.

Цяпер старшынёю Рады зьяўляецца Івонка Сурвілла з Канады, у склад Рады ўваходзяць каля 80 вядомых беларускіх дзеячаў з розных краінаў.

Сёньня мы размаўляем з сябрамі Рады БНР.

У сучасных умовах што зьяўляецца галоўнаю палітычнаю мэтаю дзейнасьці Рады? На гэтае пытаньне адказвае Вітаўт Кіпель з Ню-Ёрку.

(Кіпель: ) ”Мэтаю было б адрадзіць дзяржаву – Беларускую Народную Рэспубліку. Якраз гэтая ідэя адраджэньня БНР і аб’ядноўвае ўсю беларускую палітычную эміграцыю”.

Сп.Вітаўт, як лічыце, могуць сёньняшнія выбары наблізіць ажыцьцяўленьне гэтай мэты?

(Кіпель: ) ”Бачыце, беларускі электарат стаіць перад абавязкам – зрабіць выбар паміж дзвюма ідэялягічнымі праграмамі. Адна зь іх варожая беларускасьці, за мінулыя 7 гадоў яна давяла, што яна варожая, паступова ліквідуе беларускую дзяржаўнасьць. Другая праграма нібыта больш рэальная ў дачыненьні да беларускасьці, хоць таксама ясных выказваньняў за поўную незалежнасьць няма”.

Такая дылема на думку дзеячаў беларускага замежжа не дазваляе спадзявацца на многае, таму і Радзе сёньня цяжка зрабіць свой выбар, бо яна цьвёрда трымаецца найперш ідэі незалежнасьці.

Якой бачыцца з пазыцыі Рады асоба прэзыдэнта Беларусі, якому яна магла б аказаць давер і, магчыма, перадаць свае мандаты?

Гаворыць старшыня Рады Івонка Сурвілла.

(Сурвілла: ) ”На маю думку, тут справа не ў асобе прэзыдэнта, а ў гарантыях непарушнасьці незалежнасьці Беларусі. Калі такая гарантыя будзе існаваць, тады Рада зоймецца разглядам гэтага пытаньня. Цяпер яна гэтага не разглядае, бо няма падставаў.

Што да выбараў, Рада спрыяе толькі тым кандыдатам, якія выказваюцца за незалежнасьць Беларусі. Я ня раз пісала й гаварыла ў маіх зваротах да беларускага народу, што толькі ў сваім уласным доме, у сваёй незалежнай дзяржаве наш народ зможа дайсьці да нармальнага жыцьця і дабрабыту. Так, як і ва ўсіх дэмакратычных краінах, ён стане гаспадаром, гэта значыць найважнейшым элемэнтам дзяржавы, і ўсё будзе рабіцца, каб яго задаволіць. Тады толькі Рада будзе магчы прыняць патрэбныя меры, каб распачаць працэс перадачы свайго мандату ўраду Беларусі”.

Сп.Івонка, у адной з нашых ранейшых перадачаў на тэму выбараў Вячка Целеш з Рыгі выказаў меркаваньне аб тым, каб Вас прапанавалі абраць прэзыдэнтам. Такія прыклады ўжо ёсьць – эмігранты абраныя прэзыдэнтамі ў Літве, Латвіі, нядаўна ўрад Баўгарыі ўзначаліў былы манарх Сімяонякі, які вярнуўся з замежжа. Калі б так сталася, якімі былі б Вашыя першыя крокі на гэтай пасадзе?

(Сурвілла: ) ”У адносінах да Беларусі пытаньне гэтае даволі гіпатэтычнае. Сёньня я, як палітык на чужыне, толькі магу выказаць свой пагляд на цяперашнюю сытуацыю і сказаць, як я бачу будучыню Беларусі.

Але, калі б я сталася на мейсцы новаабранага прэзыдэнта, дык я пачала б мусіць з вяртаньня нашай нацыянальнай сымболікі таму, што папросту не магла б жыць пад сьцягам і гэрбам рэжыму, які зрабіў столькі крыўды нашаму народу, ды й не прадстаўляюць яны сабою маёй Бацькаўшчыны – тае Беларусі, якую сьвет паважаў бы, якой быў бы гатовы дапамагчы стаць на ногі.

Вярнула б беларускай мове ейны афіцыйны статус, як гэта і належыць паводле Канстытуцыі. Спадзяюся, што новаабраны прэзыдэнт, хто б ён ня быў, гэта разумее і адразу дасьць падтрымку роднай мове.

Пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту і вяртаньне да канстытуцыйнасьці былі б, безумоўна, мерамі, якія з самага пачатку ўвайшлі б у жыцьцё. Павінна быць зроблена ўсё, каб не дапусьціць да ўлады новых дыктатараў.

Але найважнейшае, безумоўна, у жыцьці народу – ягоны штодзённы хлеб. Усё зрабіла б, каб стварыць людзям нармальныя умовы жыцьця, каб людзі не патрабавалі выяжджаць за мяжу за кавалкам хлеба. Беларусь мае патэнцыял стацца эўрапэйскаю дзяржаваю, паўнавартаснай часткаю эўрапэйскай супольнасьці. Нашыя прадукты і тавары будуць мець шанцы на міжнародным рынку, калі правесьці адпаведныя рынкавыя рэформы. А лібэральнае падаткавае заканадаўства прыцягне інвэстыцыі.

Усе дагаворы, падпісаныя нелігітымнымі ўладамі, былі б неадкладна перагледжаныя, найперш адносна саюзу з Расеяй, мэтаю якога ёсьць аднаўленьне каляніяльнай імпэрыі, у якой Беларусі адводзілася б месца транзытнай зоны і ваеннай базы з мабілізацыяй нашай моладзі ў расейскае войска.

Роля прэзыдэнта дзяржавы – служыць свайму народу, забясьпечваць яго дабрабыт, бараніць яго ад амбіцыяў агрэсіўных суседзяў, належна прадстаўляць яго перад сьветам, здабываць для яго зычлівасьць і павагу іншых народаў. Гэта ўсё я і ўважала б маімі абавязкамі, калі б была на пасадзе прэзыдэнта Беларусі”.

На пытаньне аб тым, наколькі рэальна радныя БНР ацэньваюць магчымасьць зьмяніць сытуацыю ў Беларусі да лепшага праз гэтыя выбары, адказвае доктарЯнка Запруднік з Ню-Ёрку.

(Запруднік: ) ”У гэтых выбарах, як можна меркаваць па складу выбарчых камісіяў, жорсткаму кантролю Лукашэнкам дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, шанцы яго на перамогу вялікія. Гэтыя шанцы ўзмацняюцца дзясяткамі тысячаў паліцыянтаў і спецназаўцаў, а найбольш тым, што за Лукашэнкам стаіць Расея ды ейныя спэцслужбы. Лукашэнка ўжо абвесьціў, што якраз ягоныя сілавікі абароняць яго ад тае быццам бы падрыўное змовы супроць яго. Беларускія ўлады, як бачым, рабілі перашкоды прыбыцьцю міжнародных назіральнікаў за выбарамі.

Тым ня менш, зьмены да лепшага адбываюцца і будуць далей адбывацца. На баку дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі бяруць удзел у выбарчай кампаніі сотні тысячаў людзей, сярод іх шмат моладзі. Сваім удзелам у выбарах усе яны праходзяць празь вялікую палітычную школу. Гэта ж толькі другія прэзыдэнцкія выбары ў гісторыі Беларусі.

За выбарамі сочаць сотні замежных дыпляматаў. Заангажаванасьць заходніх краінаў у выбарах спрыяе пашырэньню дэмакратычных настрояў у краіне, знаёміць беларускіх выбарцаў з выбарчымі тэхналёгіямі і гэтым падымае грамадзянаў краіны на вышэйшы палітычны ўзровень. Усё гэта – зьмены да лепшага. Пры гэтым, пэўна, трэба разумець, што лепшае не прыходзіць адразу”.

Ці мае Рада кантакты з палітыкамі ў Беларусі? Гаворыць Вітаўт Кіпель.

(Кіпель: ) ”Безумоўна, з прадстаўнікамі дэмакратычных плыняў, партыяў мы сустракаемся як у Беларусі, так і ў замежжы. Калі яны прыяжджаюць у ЗША, ім наладжваецца прыняцьцё ці розныя даклады, лекцыі, мы ва ўсім гэтым часта дапамагаем, часта служым як бы перакладчыкамі. Наладжваем іх кантакты з дыяспараю, наведваньне беларускіх асяродкаў, беларускіх цэркваў”.

Як Рада ўдзельнічае ў справе накіраваньня ў Беларусь назіральнікаў за выбарамі? На гэтае пытаньне адказвае Аляксандар Сільвановіч з Саўт-Рывэру.

(Сільвановіч: ) ”Рада БНР як інстытуцыя не бярэ ўдзелу ў накіраваньні ў Беларусь замежных назіральнікаў, гэтым займаюцца міжнародныя арганізацыі. Але асобныя сябры Рады БНР робяць уплыў на пасланьне назіральнікаў у Беларусь праз свае асабістыя кантакты з ураднымі асобамі ў краінах, дзе яны жывуць больш, бадай, сваімі кантактамі зь няўрадавымі асобамі і арганізацыямі.

Пару месяцаў таму доктар Янка Запруднік і я бралі ўдзел у двух сэмінарах. Адзін зь іх адбыўся ў Прынстанскім Унівэрсытэце. Гэтыя сэмінары ладзіла арганізацыя “Грамадзянскія дыпляматы сьвету”. Яна ў супрацоўніцтве зь дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША пасылала сваіх назіральнікаў за выбарамі ў Босьнію і Косава.

На гэтых двух сэмінарах мы давалі інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі і таксама выказвалі жаданьне, каб яны паслалі назіральнікаў на нашыя выбары. Мне здаецца ў такім сэнсе шмат асобаў з Рады БНР стараюцца мець уплыў на такія рэчы”.

Сябра Рады Віталь Кажан выказаў сваё меркаваньне пра тое, якімі могуць быць дзеяньні Рады ў выпадку перамогі на выбарах адзінага кандыдата ад апазыцыі.

(Кажан: ) ”Я асабіста, як сябра Рады , думаю, што на выпадак, калі да ўлады прыдзе адзіны кандыдат ад апазыцыі Ўладзімер Ганчарык, то Рада БНР павінна будзе ўвайсьці зь ім у цесны кантакт, каб выразна ведаць яго стаўленьне да беларушчыны, да незалежнасьці Беларусі. Калі ён запэўніць Раду БНР, што павядзе палітыку сапраўды нацыянальнага адраджэньня – як ахова і падтрымка беларускай нацыянальнай культуры, увядзеньне беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а галоўнае – ніякага палітычнага саюзу з Масквою, тады пасьля выбараў прадстаўнікі Рады БНР могуць паехаць у Беларусь, каб правесьці з ім перамовы”.

Пра тое, ці могуць спраўдзіцца такія намеры, мы даведаемся ўжо праз тры тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG