Ініцыятыва сустрэчы са старшынямі галіновых абкамаў, райкамаў прафсаюзаў ды кіраўнікамі прафкамаў найбуйнейшых прадпрыемстваў сыходзіла ад галоўнага вэртыкальшчыка вобласьці Аляксандра Якабсона. З сабой у Дом прафсаюзаў ён прывез намесьніка па эканоміцы Сяргея Сідорскага і старшыню аблсавету Валер'я Сяліцкага. Падаецца, улады маюць на мэце перацягнуць на свой бок прафсаюзны актыў — галоўнае апірышча ў рэгіёнах кандыдата ў прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка.
Спадары Якабсон і Сідорскі пераконвалі прысутных, што эканоміка разьвівалася апошнія гады ў рэгіёне эфэктыўна. Ня тое, што ва Ўкраіне ці Малдове, дзе, як казаў Сяргей Сідорскі, людзі езьдзяць на валах.
Ролю абаронцы палітычнага курсу цяперашняга кіраўніцтва краіны і афіцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі адвялі старшыні аблсавету Валер'ю Сяліцкаму. Ён заявіў, што адказвае ў рэгіёне за працу з назіральнікамі. Меў нават сустрэчу са спадаром Рывалье, правай рукой кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі.
Па словах Сяліцкага, спадар Рывалье асаблівых заўваг ня меў, адно што выказаў заклапочанасьць датэрміновым галасаваньнем і слабым прадстаўніцтвам палітычных партыяў у выбарчых камісіях рэгіёну. Але страшнага ў гэтым, казаў Сяліцкі, нічога няма. Вунь, маўляў, амэрыканцы хочуць увесьці ў сябе датэрміновае галасаваньне ажно за месяц да выбараў. Што ж да выбарчых камісіяў, то ў іхным складзе ажно 400 прадстаўнікоў прафсаюзаў — дык ці варта падымаць шум?
З Уладзімерам Ганчарыкам спадар Сяліцкі зьвязваў патрасеньні, перамену курсу краіны, атрыманьне заходніх інвэстыцыяў, якіх ніколі ня зможам вярнуць. З Лукашэнкам — стабільнасьць. Таму падчас выбараў 9 верасьня, павучаў прамоўца, трэба быць прагматыкамі, а не эмацыйнымі выбарцамі. У Грузіі, маўляў, жанчыны ў чорных панчохах выбралі колісь Зьвіяда Гамсахурдзію. І Ельцына ў Расеі прывялі да ўлады жанчыны. А ў выніку — нічога добрага.
Спрабаваў Валеры Сяліцкі пакрытыкаваць і лідэра савецкай перабудовы Міхаіла Гарбачова, але прафсаюзьнікі вярнулі яго на зямлю. Папрасілі выказацца лепей пра памылкі сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі. Былы першы сакратар гаркаму КПБ у часы Гарбачова спадар Сяліцкі вымушаны быў прызнаць памылкі ў адносінах прафсаюзаў. Заявіў нават, што і сыстэму аздараўленьня насельніцтва трэба вярнуць прафсаюзам. І краіна наша мусіць сябраваць з усімі суседзямі, а ня толькі Расеяй.
Надзіва, усе пытаньні, што ўзьнікалі ў прысутных, вэртыкальныя прапагандысты пагаджаліся вырашаць хутка і на карысьць прафсаюзаў — усталёўваць гэткі залаты век.