З пратэстамі супраць гэтых рэпрэсіяў выступілі ўпаўнаважаны АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова Фраймут Дувэ і Міжнародны камітэт абароны журналістаў. Пра сёньняшнюю сытуацыю ў газэце распавядае яе галоўны рэдактар Павал Жук.
(Жук: ) “Cытуацыя працоўная, мы будзем працаваць так, як лічым патрэбным. Сёньня ўжо прыйшла праверка аддзелу фінансавых расьсьледаваньняў, заўтра прыйдзе падатковая інспэкцыя. У мяне ёсьць дакладная інфармацыя аб тым, што з самага верху прыйшоў загад прыкрыць нашую газэту. Я мяркую, што ўчорашняе папярэджаньне – не апошняе, і што ў хуткім часе будзе працяг. Аддадзены загад зачыніць “Нашу Свабоду” да выбараў. Я мяркую, што яны будуць спрабаваць зрабіць гэта пры дапамозе Дзяржкамдруку і падатковай інспэкцыі.
Рэдакцыя дагэтуль не атрымала аніякай афіцыйнай паперы наконт таго, што здарылася ў друкарні “Мэджык”. У дзяржаўных ворганаў ёсьць прэтэнзіі да “Мэджыка”, да газэты ніякіх прэтэнзіяў няма. Таму я разглядаю канфіскацыю гэтага нумару як рабаўніцтва сярод белага дню. Прычым зрабілі гэта тыя ворганы, якія мусяць абараняць законасьць.
Тыраж знаходзіцца ў іх, на Кальварыйскай 17, яны праводзяць сьледчыя дзеяньні і на гэта паводле закону адпушчаны месяц. Праз месяц гэты наклад будзе нікому не патрэбны.
Тут няма чаго камэнтаваць Я лічу, што гэта – палітычная замова. Газэта выйшла накладам у поўмільёну, там была інфармацыя па выбарах, пра Ганчарыка, прыводзіліся дадзеныя апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх Лукашэнка ня мае шанцаў перамагчы таго ж Ганчарыка. Я лічу, што менавіта гэта зьяўляецца прычынаю канфіскацыі гэтага нумару.
Мы будзем працягваць нашую дзейнасьць у любых умовах. Нават калі яны забароняць усё, мы вернемся да старых добрых часоў, калі газэта “Свабода” выходзіла падпольна”.