Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДЫКТАТАРАМ ПЕРАМОГА ДАЕЦЦА ЛЁГКА”


Сяргей Шупа, Прага

«Дыктатарам перамога даецца лёгка». Артыкул з такім назовам зьявіўся гэтымі днямі ва ўплывовай канадыйскай газэце Globe and Mail, якая выходзіць у Таронта. Маскоўскі карэспандэнт газэты Джофры Ёрк піша:

«Яго часта называюць апошнім эўрапейскім дыктатарам. Ягоны рэжым асацыюецца з эскадронамі сьмерці, зьнікненьнямі і арыштамі апанэнтаў. Ён разагнаў непаслухмяны парлямэнт, сфальшаваў выбары, здушыў прыватныя сродкі масавай інфармацыі і заклікаў да адраджэньня Савецкага Саюзу […] У сваіх прамовах 45-гадовы Лукашэнка ставіць краіну перад простым выбарам: анархія або ягоная цьвёрдая рука. […]

«Беларусь зь яе 10-мільённым насельніцтвам, – працягвае Globe and Mail, - адзін з самых цьмяных кутоў былога Савецкага Саюзу. Аднак яна займае стратэгічнае становішча ля самага сэрца Эўропы, на заходнім флянгу Польшчы. Дзякуючы гэтаму яна апынаецца на мяжы НАТО, і з гэтых перадавых пазыцыяў спадар Лукашэнка рыгае злобай на Захад.

Пасьля леташняй паразы Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі Лукашэнка стаўся апошнім антызаходнім самаўладцам у Эўропе.

Ён прысягае, што не паўторыць лёс югаслаўскага дыктатара, скінутага народным паўстаньнем і аддадзенага міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе.

«Я ня буду адседжвацца ў бункеры, як Мілошавіч. Я нікога не баюся», - заявіў у нядаўняй прамове Лукашэнка».

Далей карэспандэнт канадыйскай газэты падрабязна асьвятляе тэму зьнікненьняў апанэнтаў рэжыму і пра ролю гэтай тэмы ў сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.

«У дадатак да гэтых меркаваных забойстваў і зьнікненьняў, шмат актывістаў у Беларусі стаяць перад пагрозай арышту і зьняволеньня. У апублікаванай тыдзень таму рэзкай справаздачы праваабарончая арганзіацыя «Міжнародная Амністыя» зазначыла, што абаронцы правоў чалавека ў Беларусі церпяць ад няспыннай кампаніі цкаваньня й запалохваньня. Дзень пры дні абаронцы правоў чалавека супрацьстаяць мэтанакіраванай кампаніі ціску, скіраванай на тое, каб здушыць іхны супраціў. Калі адна менская газэта паспрабавала выдаць спэцвыпуск, прысьвечаны зьнікненьням людзей, на рэдакцыю быў учынены напад, падчас якога зьніклі кампутарныя дыскі. Незалежныя радыёстанцыі былі вымушаныя перанесьці сваю дзейнасьць у суседнія краіны», - піша ў газэце Globe and Mail яе меаскоўскі карэспандэнт Джофры Ёрк

Ва ўчорашнім нумары The New York Times надрукаваны артыкул Майкла Ўайнза «Вулічны тэатар і графіці: Беларускія іншадумцы робяць падзею робячы шум».

У артыкуле аўтар знаёміць чытачоў з новымі спосабамі барацьбы з дыктатурай, якія ўжываюць сябры маладзёвага рыху «Зубар».

«Барысаў. Зусім побач з гэтым занядбаным і наскрозь савецкім горадам мясцовыя партызаны нанесьлі ўдар францускаму дыктатару Напалеону, паспрыяўшы разгрому ягонага войска ў 1812 годзе.

Гэта было 189 гадоў таму. Цікава аднак тое, якую вайну вядуць сёньняшнія партыязаны супраць дзівакаватага беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнка, які быў дэмакратычна абраны ў 1994 годзе і праз два гады працягнуў свой тэрмін шляхам сумнеўнага рэфэрэндуму, займаўся тым, што фармаваў Беларусь на савецкі капыл, і гэта мела катастрафічныя вынікі.

Ад эканомікі засталася адна бачнасьць, народ запалоханы незьлічонымі службамі бясьпекі, зьнікненьнямі палітычных апанэнтаў рэжыму і былых паплечнікаў прэзыдэнта.

Аднак цяпер, - працягвае New York Times , - за тры тыдні перад прэзыдэнцкімі выбарамі, якія могуць стацца для Лукашэнкі тэстам на трываласьць, на розных адміністрацыйных будынках пачалі зьяўляцца налепкі з надпісам «Час прыбіраць!»

Гэткія няспынныя, амаль партызанскія формы пратэсту ­ новыя для Беларусі, але не для Эўропы. Падобны рух, які зваўся «Адпор», спрычыніўся да адхіленьня ад улады сэрбскага дыктатара Слабадана Мілошавіча.

У Беларусі, колішняй савецкай рэспубліцы, гэты рух завецца «Зубар». Зубар як жывёла азначае для Беларусі тое самае, што мядзьведзь для Расеі або арол для Злучаных Штатаў. Прыхільнікі «Зубра» цьвердзяць, што гэта найбольш дынамічны моладзевы рух у краіне, які ўжо налічвае тысячы чалавек у 60-ці гарадох і мястэчках краіны.

Галоўная мэта руху – на жывым прыкладзе паказаць традыцыйна пасіўнаму насельніцтву Беларусі, што кінуць выклік уладам ­ справа цалкам рэальная. Галоўнае – узьняць як мага болей людзей, каб ня даць Лукаэшнку магчымасьці сфальшаваць выбары.

«Бальшыня насельніцтва супраць цяперашняга рэжыму, але яны думаюць, што рэжым усё адно пераможа», - кажа карэспандэнту адзін з каардынатараў «Зубра». - «Але калі яны пабачаць, што нехта змагаецца супраць Лукашэнкі, яны пачнуць верыць».

«Наш галоўны клопат ­ ці прыйдуць людзі на выбары, - кажа каардынатар руху «Хартыя-97» Андрэй Саньнікаў. – Калі ўдзел будзе большы за 70 працэнтаў – Лукашэнка адназначна прайграе. Калі прыйдзе 80 працэнтаў – ён будзе проста зьнішчаны».

Нагадаю, што гэта быў кароткі пераказ артыкулу ў нядзельным нумары газэты New York Times.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG