Многія менчукі ведаюць, што заўтра кандыдаты на прэзыдэнта распачнуць выступаць на тэлебачаньні, але далёка ня ўсе маюць час, каб паслухаць выступы.
(Жанчына: ) "Ведаю".
(Мужчына: ) "Вядома".
(Мужчына сталага веку: ) "А хто будзе выступаць? Заўтра? Я прыйду. А куды?"
(Пэнсіянэрка: ) "Ведаю, але ў мяне тэлевізар не працуе, пайду да суседкі глядзець".
(Малады чалавек: ) "Ня буду глядзець, таму што буду заняты іншымі справамі".
(Мужчына: ) "Мне ўсё роўна, як яны будуць выступаць".
Выступы кандыдатаў на прэзыдэнта будуць трансьляваць у запісе. Нагадаю, што Цэнтарвыбаркам адмовіўся даць жывы эфір Уладзімеру Ганчарыку, Сямёну Домашу й Сяргею Гайдукевічу.
Але практычна ўсе мае суразмоўцы хацелі б паглядзець на кандыдатаў на прэзыдэнта ў простай трансьляцыі. Гаворыць юрыст Міхал:
(Міхал: ) "Я лічу, што кожны з кандыдатаў павінен выступаць у простым эфіры, каб людзі бачылі, чулі зь першага, так бы мовіць, слова. Іншага я не ўспрымаю".
Гэтак жа думае й работніца чыгункі Леакадзія:
(Леакадзія: ) "У простым... А ў запісу я чалавека ня буду бачыць, праўда? Я жыву ў Ждановічах. Хадзілі ў нас зьбіраць подпісы, і я ім гавару: "Што ж вы подпісы зьбіраеце, мы гэтых людзей ня бачым і ня ведаем".
Былі й такія меркаваньні:
(Малады чалавек: ) "Ня нам гэта вырашаць, але ж трэба было б, каб ім дазволілі. Шкада, што не зрабілі гэтага".
(Мужчына: ) "Больш цікава было б у простым... Усё бачна".
(Мужчына: ) "Канечне, лепш просты эфір".
Сярод маіх суразмоўцаў былі й тыя, хто аддае перавагу запісу. Гэта настаўніца спадарыня Анастасія. Сама яна ня будзе глядзець выступы кандыдатаў на прэзыдэнта.
(Анастасія: ) "Глядзець ня буду, таму што даўно вырашыла, за каго буду галасаваць. Гэта не сакрэт — за Ганчарыка. Калі ідзе жывы эфір, то за такі кароткі тэрмін добрага ўражаньня пра любога кандыдата можа і ня быць. Таму гэта мусіць быць толькі ў запісе. Кандыдаты павінны паказаць свае добрыя якасьці".
А вось меркаваньне Аляксея Ліцьвінчука:
(Ліцьвінчук: ) "Трэба прытрымлівацца тых парадкаў, якія ёсьць у дзяржаве. Я напрыклад, і так згодны, і гэтак".
Што да часу выступаў кандыдатаў на радыё й тэлебачаньні, то юрыст Міхал мяркуе, што ён досыць зручны.
(Міхал: ) "Раніцай і ўвечары. Хто ідзе на працу ў першую зьмену, увечары паслухае, а хто ў другую — наадварот".
Але ж большасьць апытаных мяркуе, што гэты час — ня самы лепшы, і многія папросту ня будуць мець магчымасьці паглядзець па тэлебачаньні выступы кандыдатаў на прэзыдэнта.