У тым, што Ўладзімер Мацкевіч ў рэшце рэшт будзе дапушчаны да ўручэньня даверчых грамат, мала хто зь беларускіх наглядальнікаў сумняваўся. Так, Мацкевічу давялося пачакаць некалькі тыдняў, але бывалі ў сучаснай гісторыі беларускай дыпляматыі выпадкі і больш доўгага сядзеньня ў напалову паслах. Дастаткова згадаць хаця б папярэдніка Мацкевіча па кіраўніцтве КГБ Беларусі Генадзя Лавіцкага, якога ў Ізраілі таксама прымусілі пачакаць з ўручэньнем граматаў. Што тут зробіш, ёсьць такая сусьветна прынятая звычка. У краіну, якая ўважаецца за ня вельмі сяброўскую, паслом прызначаюць былога супрацоўніка спэцслужбаў. А гэтая краіна, каб прадэманстраваць сваю крыўду, адказвае замаруджваньнем з працэдурай ўручэньня граматаў. Праз такое выпрабаваньне і прайшоў Уладзімер Мацкевіч, але ці яму з ягонай прафэсійнай вытрымкай на гэта скардзіцца?
Цяпер ўсё мінулася, ён прымае віншаваньні як паўнавартасны амбасадар (пра што, пэўна, марыць кожны высокі беларускі чыноўнік). І з пасланьнем беларускаму кіраўніцтву ад югаслаўскага таксама ўсё зразумела – у Бялградзе заўважылі несяброўскія выказваньні Аляксандра Лукашэнкіна на адрас Ваіслава Каштуніцы, але на канфлікт з гэтай прычыны вырашылі не ісьці. Відаць, чакаюць вынікаў верасьнёўскіх выбараў.
А вось што да прызначэньня Ўладзімера Мацкевіча амбасадарам якраз напярэдадні выбараў, то тут варта ўсё ж спыніцца. Бо чалавек ня просты. Не таму, што ўзначальваў КГБ, а таму што зь ягонай асобай грамадзкасьць дзіўным чынам стала зьвязваць пэўныя спадзяваньні. Спачатку на тое, што паўплывае ў лепшы бок на недэмакратычнага кіраўніка дзяржавы. Потым – яшчэ больш значныя. Сярод галоўнага – што спыніць разгул беззаконьня, нарэшце раскрые жудасныя таямніцы зьнікненьняў ў Беларусі вядомых апазыцыянэраў. Гэтыя спадзяваньні асабліва ўзмацніліся пасьля адстаўкі Мацкевіча, большасьць праўды пра якую стала вядомая са шчыраваньняў Аляксандра Лукашэнкі, а потым ад сьледчых пракуратуры Петрушкевіча і Случака.
Высьветлілася, у прыватнасьці, што ў адстаўку былога шэфа КГБ адправілі не за недахопы ў працы, а за тое, што вельмі блізка падыйшоў да тайнаў "эскадронаў сьмерці". Лукашэнка ў адной са сваіх прамоваў публічна скардзіўся, што "ледзь не закатавалі ў КГБ" выканаўцу яго асабістых спэцзаданьняў Паўлічэнку.
Цікава, што, сыйшоўшы ў адстаўку, Мацкевіч публічна ніколі не абверг скаргаў Лукашэнкі, але і не пагадзіўся зь імі. Ягонае маўчаньне было зразумела грамадзкасьцю як нязгода, нават як выклік на двубой, толькі часова адкладзены. Думаць і спадзявацца гэтак ў людзей былі падставы яшчэ і таму, што разам з Мацкевічам маўчаў і былы Генэральны пракурор Бажэлка, які зьехаў зь Беларусі. Яны разам расьсьледавалі злачынствы "эскадрона сьмерці", іх за гэта разам адправілі ў адстаўку. Няўжо яны пойдуць насуперак свайму сумленьню, няўжо даруюць зьдзек над іх гонарам прафэсіяналаў? – думалася людзям.
Згода Мацкевіча паехаць амбасадарам ў Югаславію паставіла крыж на гэтых спадзяваньнях, якія лепш назваць ілюзіямі. Праўда, ячшэ ёсьць магчымасьць зрабіць мужны крок ў Алега Бажэлкі, а што да цяперашняга пасла Беларусі ў Югаславіі, то ён проста цудоўным чынам пацьвердзіў вядомую рэч, што не бывае былых чэкістаў.
Прызначэньне Мацкевіча амбасадарам дэманструе яшчэ адну істотную зьяву, а менавіта, што кандыдат ў прэзыдэнты Лукашэнка пачаў новую гульню з намэнклятурай. Цяпер за франдысцкія настроі ён ня садзіць за краты, як калісьці пасадзіў Лявонава, а адпраўляе на папраўку здароўя ў краіну з больш цёплым кліматам. Намэнклятуршчыкам, аднак, варта не займацца самападманам. Гэтыя новыя правілы больш падобныя на выключэньне, па часе абмежаванае сярэдзінай верасьня. Згадаю, што не заўсёды котка гуляе з мышшу, а толькі перад тым, як яе зьесьці.