Сёньня рэдактар газэты Віктар Андрэеў і юрыст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Алег Граблеўскі прыехалі ў Менск, дзе й распавялі пра сваё процістаяньне аршанскім уладамі.
Расповед пацярпелых аршанцаў пра напад на рэдакцыю больш нагадваў дэтэктыўную гісторыю. Але й Андрэей, і Алег упэўненыя, што гісторыя з канфіскаваным абсталяваньнем гэтым ня скончыцца, і хутка падобны ўціск могуць зьведаць усе грамадзкія арганізацыі гораду.
Я спытаўся, ці йдзе паралельна з псыхалягічным уціскам на недзяржаўныя структуры фармаваньне кампаніі ў падтрымку Алясандра Лукашэнкі — як гэта ўжо робіцца ў некаторых рэгіёнах. Вось што распавёў Віктар Андрэеў:
(Андрэеў: ) "Я думаю, што крыху пазьней такія выпадкі будуць. Бо пасьля парлямэнцкіх выбарах былі сьведкі, якія распавядалі, што насамрэч адбывалася "за кулісамі". Сцэнар будуць імкнуцца паўтарыць. Зрэшты, ёсьць ужо вельмі "неардынарныя" захады. Днямі аформілі назіральнікаў на ўчасткі ад прадпрыемстваў — чаго не рабілі ніколі.
Да таго ж адзін з кіраўнікоў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі даў зразумець, што колькасьць назіральнікаў на ўчастках будзе абмежаваная. Прыкладам, зьбярэцца два дзясяткі чалавек, а яны дапусьцяць толькі тых, каго даслалі з прадпрыемстваў, некаторых бэпэсээмаўцаў, альбо кагосьці з Саюзу вэтэранаў. Вось пра гэта дакладна вядома".
Юрыст аршанскага аддзяленьня Свабоднага прафсаюзу Алег Граблеўскі кажа, што кампанія за кандыдата Лукашэнку фактычна ўжо пачалася.
(Граблеўскі: ) "Ёсьць такія факты: зараз удакладняюцца сьпісы выбарцаў. Мне, прыкладам, патэлефанавала сяброўка ўчастковай камісіі й распавяла, што яе прымушалі хадзіць па кватэрах і расьпісвацца пад тэкстам, дзе было сказана: абавязваюся прыйсьці на выбары 9 верасьня. І ў якасьці гарантыі — асабісты подпіс. Напэўна, мясцовыя ўлады баяцца няяўкі на цяперашнія выбары.
Да нас нядаўна трапілі сьпісы адной з выбарчых камісіяў у так званы парлямэнт. Калі астатнія зь цяжкасьцю нацягвалі 50%, то гэта камісія рапартавала пра 68%. Калі мы пачалі высьвятляць вытокі гэткай актыўнасьці, то адразу знайшлі 42 эпізоды фальшаваньня: на кожным аркушы па пяць прозьвішчаў, а росьпіс адзін і той жа. Гэтак жа: у адным туры адзін подпіс, у другім — "гэты чалавек" ужо расьпісваецца па-іншаму. Калі выкінуць 42 эпізоды, то ня было нават і 50%".
Тым ня меней, тады гэта не перашкодзіла прызнаць вынікі галасаваньня сапраўднымі. Спадар Граблеўскі кажа, што сёлета яны здолеюць супрацьстаяць такой самадзейнасьці.