Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАД ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСЬ ПРЫЕДЗЕ МУАМАР КАДАФІ


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведаміў кіраўнік інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Павал Латушка, у жніўні адбудзецца візыт у Рэспубліку Беларусь кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі.

Гэта візыт у адказ, запрашэньне наведаць Беларусь было перададзенае Аляксандрам Лукашэнкам, калі ён гасьцяваў у Кадафі ў Лібіі 31 кастрычніка–1 лістапада летась.

Як паведамляе МЗС, Беларусь імкнецца значна павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю зь Лібіяй. Цяпер рыхтуюць стварэньне сумесных прадпрыемстваў у галіне дрэваперапрацоўкі і машынабудаваньня. Праўда, летась таваразварот паміж Беларусьсю і Лібіяй склаў усяго 3 мільёны даляраў ЗША, прычым гэта быў выключна беларускі экспарт — фотаматэрыялаў, кабэляў, шынаў, хімічнай прадукцыі.

Апрача лібійскага дыктатара, у Менску перад выбарамі пабываюць губэрнатар Санкт-Пецярбургу Ўладзімер Якаўлеў і мэр Масквы Юры Лужкоў. Усе яны абавязкова будуць сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аднак у МЗС адмаўляюць, што візыты маюць перадвыбарчы характар:

(Латушка: ) "Гэта зьнешнепалітычныя візыты, накіраваныя на ўзмацненьне супрацоўніцтва з рознымі краінамі сьвету. Калі мы гаворым пра афіцыйны візыт кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі ў Рэспубліку Беларусь, мы адзначаем, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Лібіяй".

Прадстаўнікі перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка мяркуюць, што гэтыя візыты ёсьць спробай Лукашэнкі ўзьняць свой імідж у вачах выбарцаў, але сустрэча з Муамарам Кадафі можа прывесьці толькі да адваротнага выніку. Гаворыць прэсавы сакратар Уладзімера Ганчарыка Дзьмітры Верашчагін:

(Верашчагін: ) "Што тычыцца спадара Кадафі, то гэта настолькі адыёзная фігура, і, здаецца, амаль што кожны жыхар Беларусі ведае і адыёзнасьць спадара Кадафі, і тое, у якім становішчы зараз ягоная ўласная краіна знаходзіцца. Мяркую, што станоўча гэта не паўплывае, гэта лішні доказ таго, што сёньня з афіцыйным Менскам могуць і жадаюць размаўляць толькі такія фігуры.

Што да візыта спадара Лужкова, то мяркую, што на нейкую частку насельніцтва гэта і можа аказаць нейкі ціск. Аднак сёньня спадар Лужкоў ужо не карыстаецца вялікім уплывам, гэта ўжо ня той Лужкоў, што быў пры Барысе Ельцыне, не настолькі ўплывовы палітык, каб нешта вырашаць і выказваць пазыцыю афіцыйнай Масквы".

Лідэр БСДГ "Народная Грамада" Мікалай Статкевіч мяркуе, што візыт Кадафі не дадае да вобразу Аляксандра Лукашэнкі ў вачах беларускіх выбарцаў нічога — ні адмоўнага, ні станоўчага, бо ягоны імідж і так вядомы ўсім:

(Статкевіч: ) "Я думаю, што гэта будзе толькі лішняя нагода для нейкай прапагандысцкай кампаніі. Справа ў тым, што большасьць беларускіх выбарцаў, асабліва жаночая частка, вельмі слаба ўяўляюць сабе, хто такі Муамар Кадафі, недзе нешта чулі пра Лужкова, і, безумоўна, зьяўленьне Лукашэнкі побач зь нейкімі палітыкамі з далёкіх і блізкіх краінаў для недасьведчанай публікі будзе на ягоную карысць. Для публікі дасьведчанай зьяўленьне тут Муамара Кадафі — гэта хутчэй мінус".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG