Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ВЕДАЮЦЬ МЕНЧУКІ ПРА КАНДЫДАТАЎ І ЗА КАГО ЗЬБІРАЮЦЦА ГАЛАСАВАЦЬ?


Ганна Соусь, Менск

Толькі нямногія мае суразмоўцы ведалі, што сёньня адбылася рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта. Менш за месяц засталося да прэзыдэнцкіх выбараў, але многія менчукі не маглі назваць імёны трох супернікаў Аляксандра Лукашэнкі. Але былі й дасьведчаныя людзі...

(Мужчына: ) "Чатыры. Ведаю, што Домаш зьбіраецца аддаць свае галасы Ганчарыку".

(Пажылая жанчына: ) "Ведаю. Ганчарык, Лукашэнка..."

(Жанчына: ) "Думаю, што Лукашэнка, Пазьняк, Ганчарык".

(Мужчына сталага веку: ) "Лукашэнка прэтэндуе, Чыгір... Больш нікога з заслужаных няма".

(Жанчына: ) "Казлоўскі..."
(Стары мужчына: ) "Ведаю прэзыдэнта, Ганчарыка, Дамашкевіча..."

(Маладая дзяўчына: ) "Быў Добруш, Гайдукевіч... Шчыра кажучы, больш ня памятаю..."

Паводле Сяргея з Бабруйску, гэткая неінфармаванасьць грамадзянаў не выпадковая:

(Сяргей: ) "Зараз у нашай краіне вельмі складаная палітычная абстаноўка. Любая інфармацыя паступае да нас неналежным чынам. Таму ўсе недакладна і ведаюць, хто і як..."

Тым ня менш, большасьць з апытаных ужо вызначыліся з тым, за каго будуць галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах, а дакладней, за каго ня будуць галасаваць. Як, прыкладам, Валянціна Вярбіцкая, якая працуе ў сыстэме аховы.

(Вярбіцкая: ) "Я думаю, што за Ганчарыка. Мне надакучыў Лукашэнка. Ён гаворыць адно, а робіць другое. Хачу, каб лепшае жыцьцё было. Можа, новы нешта прыдумае".

Гэткі ж выбар зробіць 9 верасьня і школьная бібліятэкарка Вольга Васан.

(Васан: ) "Парадку няма ў краіне, таму я буду за Ганчарыка галасаваць, таму што, можа, ён павернецца тварам да народу, і народ ня будзе пакутваць".

Гаворыць маладая дзяўчына Ульляна.

(Ульляна: ) "За Лукашэнку я дакладна не аддала б свой голас. Ня ведаю, можа за Добруша б аддала".

Сярод маіх суразмоўцаў былі й прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Але матывацыя ў іх была розная. Вось як патлумачыў свой выбар студэнт Зьміцер.

(Зьміцер: ) "Так, за Лукашэнку. У яго працуе мой дзядзька, ён мне дапаможа ўладкавацца на працу".

А аргумэнты васьмідзесяцігадовай пэнсіянэркі Лізаветы мне даводзілася чуць ўжо неаднойчы.

(Лізавета: ) "Прынясуць і буду галасаваць. Калі я жывая – мушу аддаць свой голас. Ужо старасьць, Лукашэнка пакуль для мяне – мяжа, на другіх я не прэтэндую. Як ні дрэнна, але жывем".

Адметна, што некаторыя людзі не хацелі публічна распавядаць пра свой выбар.

(Мужчына: ) "Гэта мая асабістая справа".

Але найбольш тыповым адказам на пытаньне, за каго будзеце галасаваць на маючых адбыцца выбарах, быў наступны.

(Зьміцер: ) "За Ганчарыка... Сымпатычны... Час мяняць прэзыдэнта".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG